Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

камерса́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Той, хто займаецца гандлем, камерцыяй, пераважна ў буйных маштабах. [Лялькевіч] вельмі ўзрадаваўся, калі нейкі камерсант, відаць, гандляр мясам ці, можа, іншым чым, запрапанаваў купіць усе яго бочкі, цэбры, вёдры оптам. Шамякін.

камерса́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да камерсанта, належыць яму. Камерсанцкія справы. Камерсанцкі занятак.

камерто́н, ‑а, м.

Інструмент у выглядзе сталёвай вілкі з двума зубцамі, які пры ўдары аб цвёрдае цела ўтварае гук пэўнай пастаяннай вышыні і выкарыстоўваецца пры настройцы музычных інструментаў і ў харавых спевах.

[Ням. Kammerton.]

камерцы́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з камерцыяй; гандлёвы. Камерцыйныя аперацыі. Камерцыйны банк. Камерцыйныя адносіны паміж краінамі. Камерцыйны чыноўнік. // Разм. Разлічаны на прыбытак, даход. Камерцыйныя адносіны да справы. Камерцыйны разлік. □ [У Дзялендзіка] свой камерцыйны інтарэс: жыць .. на хабарах. Скрыган. // Разм. Спрытны, лоўкі ў атрыманні даходу, прыбытку. Са святой натурай Альбіны Сільвестраўны ўжывалася.. і натура камерцыйная. Ёй няблага дапамагалі сыны і дочкі, усю гародніну сваю збывала на рынку, пастаяльцы плацілі за кватэру. Ракітны.

2. Звязаны з гандлем без картачак па павышаных цэнах пры картачнай сістэме забеспячэння. Камерцыйны магазін. Камерцыйныя цэны.

каме́рцыя, ‑і, ж.

Гандаль, гандлёвыя аперацыі ў буржуазным грамадстве. Займацца камерцыяй.

[Лац. commercium.]

камеры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Пакаёўка, служанка пры пані ў буржуазна-дваранскім побыце.

[Фр. cameriste.]

ка́мер-кале́гія, ‑і, ж.

Заснаваная пры Пятру I установа, якая ведала рознымі грашовымі зборамі.

[Ад ням. Kammer і Kollegium.]

ка́мер-лаке́й, ‑я, м.

Уст. Старшы прыдворны лакей.

[Ням. Kammerlackei.]

ка́мер-ю́нкер, ‑а, м.

Малодшае прыдворнае званне ў царскай Расіі і некаторых манархічных дзяржавах. // Асоба, якая мае гэта званне.

[Ням. Kammerjunker.]

ка́мер-ю́нкерскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да камер-юнкера, належыць яму. Камер-юнкерскі мундзір.