Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

тарба́н, ‑а, м.

Струнны шчыпковы музычны інструмент, блізкі да бандуры.

[Ад іт. tiorba.]

тарбані́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Музыкант, які іграе на тарбане.

тарбано́ша, ‑ы, ж.

Невялікае сумчатае млекакормячае, якое жыве ў Амерыцы; сумчаты пацук, апосум.

тарбасы́, ‑оў; адз. торбас, ‑а, м.

Мяккія боты з аленевых шкур шэрсцю наверх.

[Ад якуцкага этэрбэс — абутак.]

тарбахва́т, ‑а, М ‑хвале, м.

Разм. Той, хто хапае і прысвойвае сабе; сквапны чалавек, хабарнік. Сілівону Сяргеевічу рабілася прыкрай .. гутарка з чалавекам, якога ён і раней не вельмі паважаў, лічачы яго за спрытнага тарбахвата, які не прапускаў ніводнай магчымасці, каб дзе што ўхапіць. Лынькоў.

таргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; незак.

1. Дагаворвацца аб цане, дабіваючыся ўступак пры заключэнні гандлёвых або іншых здзелак. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў ды надта даражыўся. Якімовіч. [Ян:] — Купілі [кабылку] выгадна, хоць і таргаваліся доўга. Чорны. Клім стаяў моўчкі, азіраючы дровы, гатовы ўжо згадзіцца на тое, каб заплаціць за іх васемнаццаць рублёў, і не хацеў сказаць гэтага селяніну, злаваўся на сябе, што не ўмеў таргавацца. Галавач.

2. перан. Спрачацца, не згаджаючыся з чым‑н., імкнучыся дабіцца чаго‑н., атрымаць што‑н. Пара прыступаць да працы, няма чаго таргавацца.

таргава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

1. Збіраючыся купіць што‑н., прыцэньвацца, дамаўляцца аб цане. Калі ж япрукі жывыя, то іх трэба яшчэ важыць, таргаваць і разоў дваццаць пляснуць далонню аб далонь прадаўца. Колас. Бывалы яшчэ здалёк убачыў высокага, статнага Нічыпаровіча, які азартна таргаваў нешта ў спекулянта. Новікаў.

2. Разм. Тое, што і гандляваць. [Шэя:] — У .. [сваякоў] вялікі магазін — ботамі таргуюць. Гартны.

3. перан. Зневаж. Рабіць прадметам гандлю (пра людзей, іх пачуцці і пад.). Таргаваць сумленнем. □ І ён [Даніла] сцярогся таго зброду, Якім не цяжка таргаваць. Колас.

таргану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Рэзкім рухам крануцца з месца. Самалёт таргануўся і яшчэ больш заваліўся ўлева — шасі загразла. Хомчанка. Гулка страляючы круглымі колцамі шызага дыму, трактар шалёна зароў, таргануўся, як у ліхаманцы, наструніўся і асеў назад. Б. Стральцоў. // Зрабіць сутаргавы рух. — Даша! — У Загурскага раз-другі тарганулася шчака. — Ты жартуеш, Даша? Асіпенка. У маці нервова таргануліся вусны, яна памкнулася была сказаць ужо нешта злоснае... «ЛіМ». — Дачка... — Ігнатавы губы горка таргануліся. — П-памірае!.. Мележ.

таргану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. каго-што. Рэзкім рухам пацягнуць за што‑н., штурхануць. Машыніст Андрэй Беражкоў таргануў за прывод сігнала, пасунуў рэгулятар назад і ўключыў тармазы. Васілёнак. Старэйшы з хлопчыкаў, якога звалі Валерый і які сядзеў цяпер побач з Зінай, таргануў яе за руку і нешта ёй сказаў паціху. Кавалёў. — Не спі ты, дурань! — крыкнуў бацька і балюча таргануў: — Ці замерзнуць хочаш? Гарэцкі. / у безас. ужыв. Пры слове конь Сяргея неяк тарганула. Нікановіч.

2. чым. Рабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела. [Марына:] — А зямля?.. Ты ж цэлую граду адхапіў?.. Платон у адказ насмешліва таргануў плячом: чаго ад яго хоча гэтая баба? — і прысеў прымераць цвікі — ці добра яны будуць. Ракітны. / Пра рэзкі неадвольны рух. Лінкевіч усхваляваўся, заморгаў вачыма, таргануў шчакой. Дуброўскі.

та́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Прадмет кухоннага ўжытку — металічная пласцінка з дзіркамі, якая служыць для раздрабнення, расцірання чаго‑н. Наўкол пляменнікі сядзелі, На дзядзьку пільна ўсе глядзелі, Як ён, рукавы закасаўшы, Па тарцы шоргаў, шапку зняўшы. Колас.