Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тармасі́ць, ‑машу, ‑мосіш, ‑мосіць; незак., каго.

1. Тузаць, торгаць каго‑н. [Начальнік разведкі] .. пачаў тармасіць аднаго з разведчыкаў за плячо. — Лёша, Лёша, падымайся. Ёсць заданне. Асіпенка. Тармасілі .. [Хомку] разы два, што блін гарачы ёсць, з ячнае мукі. Гарэцкі. [Марыся] кінулася ў спальню і пачала тармасіць сонных Віцю і Міхася. Чарнышэвіч. — Бабка! — тармосіць хлопчык за рукаў бабулю. — Глядзі: птушкі! Даніленка. / у безас. ужыв. У кабіне тармасіла і кідала ўперад. Пташнікаў.

2. перан. Прыставаць да каго‑н. з якімі‑н. справамі, патрабаваннямі, роспытамі; надаядаць каму‑н. Тармосяць Параньку, распытваюць, як гэта ёй удалося [прывезці сетку на агароджу]. А яна спакойна адказвае. Ракітны.

тармашэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. тармасіць.

тармо́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад тармазіць.

тарна́да, нескл., м.

Назва смерчаў у Злучаных Штатах Амерыкі.

[Ісп. tornado.]

та́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тары; прызначаны для вырабу тары. Тарны склад. Тарны завод. Тарныя вырабы.

таро́йкацца і таро́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Доўга гаварыць, дамаўляцца, спрачацца; валаводзіць, марудзіць, спрачаючыся. За сцяною, чуваць, рахуюцца старыя, як і я сам, халасцякі. Таройкаюцца за памер складчыны. Мыслівец. Пакуль мы таройкаліся, цягнік адышоў. Пянкрат. Давай бліжэй да справы, бо так мы да раніцы будзем тарокацца, — працягвала Лена. Няхай. [Дзед Аніська:] — Пакуль мы тарокаліся з ім, дык яна напякла, браце, грэцкіх блінцоў, наскварыла сала. Лужанін.

таро́кі, ‑аў; адз. няма.

Рамяні каля задняй лукі сядла для прывязвання каго‑, чаго‑н.

[Манг.]

таро́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць.

Незак. да утаропіць.

таро́пкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць таропкага. [Вера] адразу ж зразумела, да каго спяшаецца гэты высокі і такі смешны ў сваёй таропкасці прапагандыст, але не падалася яму насустрач, а знарок загаварылася з сяброўкай. Гаўрылкін.

таро́пкі, ‑ая, ‑ае.

Які спяшаецца (часцей пра чалавека). Разам з таропкім натоўпам пасажыраў праз шырокія вароты станцыі Леанід выйшаў у горад. Шахавец. // Уласцівы таму, хто спяшаецца, робіць што‑н. паспешна. [Алёшка] чуў .. частыя таропкія крокі [Рэні] на садовай сцежцы. Лынькоў. Рухі ў Тарасевіча былі таропкія, нібы яму было нялоўка, і гэты стан гаспадара пачаў перахавацца і Рыгору. Арабей.