Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

таро́пкі, ‑ая, ‑ае.

Які спяшаецца (часцей пра чалавека). Разам з таропкім натоўпам пасажыраў праз шырокія вароты станцыі Леанід выйшаў у горад. Шахавец. // Уласцівы таму, хто спяшаецца, робіць што‑н. паспешна. [Алёшка] чуў .. частыя таропкія крокі [Рэні] на садовай сцежцы. Лынькоў. Рухі ў Тарасевіча былі таропкія, нібы яму было нялоўка, і гэты стан гаспадара пачаў перахавацца і Рыгору. Арабей.

таро́с, ‑а, м.

Ледзяная глыба, якая ўтвараецца пры сцісканні льдоў у паўночных морах і рэках. Крыгі ўспаўзалі адна на другую, крышыліся, утваралі таросы. Краўчанка.

таро́савы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з таросаў. Таросавыя заторы.

таро́сістасць, ‑і, ж.

Наяўнасць таросаў; мноства таросаў.

таро́сісты, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з таросаў; багаты таросамі. Таросісты лёд.

таро́чыцца, ‑чыцца; незак.

Зал. да тарочыць.

таро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

Прывязваць да тарокаў.

тарпа́, ‑ы; мн. торпы, ‑аў; ж. і торп, ‑а; мн. тарпы, ‑оў; м.

Вялікая сцірта снапоў або саломы, складзеная асобым спосабам для захоўвання пад адкрытым небам. — А што гарыць? — Тарпы... — Немалочаныя тарпы? — ахнуў Амелька не сваім голасам. Якімовіч.

тарпава́льшчык, ‑а, м.

Той, хто ўкладае тарпы.

тарпава́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да тарпавальшчык.