Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

та́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які каштуе мала, недарагі; проціл. дарагі. Танны матэрыял. □ Падарунак быў танны, але на другі ў .. [Алеся] не хапіла б і грошай. Броўка.

2. перан. Які не мае каштоўнасці, пусты. Танная слава. □ [Чорны:] — Калі ёсць праўда, дык будзе і цікавасць. Сапраўдная, а не тая, якую робяць літаратурныя цыркачы, з іх таннымі цыркавымі штучкамі. Мележ.

тано́метр, ‑а, м.

Прыбор для вымярэння крывянога ціску, ціску ўнутры вачэй і танічнага напружання мышцаў.

[Ад грэч. tónos — напружанне і metreō — вымяраю.]

танта́л, ‑у, м.

Хімічны элемент, цвёрды тугаплаўкі метал шэра-стальнога колеру.

[Лац. tantalum.]

танта́лавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да танталу. // Які зроблены з танталу. Танталавыя прыборы.

танта́лаў, ‑лава.

У выразе: танталавы мукі — нясцерпныя мукі, што выклікаюцца ўсведамленнем блізкасці жаданай мэты і немагчымасці яе дасягнення.

танталі́т, ‑у, М ‑ліце, м.

Мінерал з групы складаных вокіслаў.

тану́ць, тану, тонеш, тоне; незак.

1. Апускацца пад ваду на дно пад дзеяннем сілы цяжару. Жалеза тоне. Дрэва не тоне. □ Паведамлялася, што эсмінец вядзе бой з варожымі самалётамі, што эсмінец пашкоджаны і тоне. Кулакоўскі. // Гінуць, паміраць, ідучы на дно. «Нехта тоне, — здагадаўся Валодзька. — Трэба хутчэй ратаваць...» Гамолка. // перан. Гінуць, трацячы жыццёвыя сілы, волю пад уздзеяннем неспрыяльных умоў. Партыя хутка асушыла прышчэпаўскія балоты ў зямельных установах, дзе танула раней любая ініцыятыва, любая добрая задума. Лынькоў.

2. у чым. Апускацца ў што‑н. мяккае, сыпкае, вязкае і пад.; засядаць, вязнуць у чым‑н. Тануць у гразі. Тануць у балоце. □ Пыл на дарозе быў, што прысак, ногі танулі ў ім. Шамякін. // перан. Станавіцца мала прыкметным сярод чаго‑н., закрывацца чым‑н. Крайнія хаты танулі ў густым тумане. Навуменка. Дарога ў маёнтак танула ў кустах чаромхі і бэзу. Хомчанка. / Пра гукі. Бывалі моманты, калі надыходзіў перарыў у громе, і тады чулася стральба кулямётаў дзесьці ў полі, на захад ад горада, пасля зноў усё танула ў выбухах артылерыйскіх разрываў. Чорны.

танцава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да танца (танцаў). Танцавальнае мастацтва. □ З рэпрадуктара лілася вясёлая танцавальная музыка. Шыцік. Хор праспяваў .. некалькі народных песень, а потым танцавалі «Лявоніху», «Крыжачок». Большасць было танцавальных нумароў. Сабаленка. // Прызначаны для танцаў. Разгалісты платан купчастым голлем прыкрываў усю танцавальную пляцоўку. Хомчанка.

2. Які мае адносіны да танцора (танцораў), звязаны з навучаннем танцораў. Танцавальная група. Танцавальны ансамбль.

танцава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. танцаваць.

танцава́цца, ‑цуецца; незак.

1. Выконвацца (пра танец). Танцуецца «Бульба».

2. Зал. да танцаваць (у 1 знач.).