тамта́м, ‑а, м.
Ударны музычны інструмент, разнавіднасць гонга. У цяжкаватых .. рытмах гэтага верша нібы адчуваецца няўхільнае нарастанне глухога гулу, трывожнага і пагрозлівага, як гукі славутых тамтамаў. Бугаёў.
[Фр. tam-tam з інд.]
таму́, прысл.
1. Па гэтай прычыне, вось чаму. [Характар мужа], відаць, добра разумела Зіна, таму і сама маўчала і прасіла, каб Ярмолаў нічога насупроць не гаварыў. Кулакоўскі. Вада ў іншыя гады даходзіла не толькі да хат, але пападала і ў хаты .. Таму і гразі хапала ад марозаў да марозаў. Чарнышэвіч.
2. Разм. З гэтай (такой) мэтай. — Пойдзем у кіно? — Я таму і зайшоў да цябе.
3. у знач. выніковага злучн. Ужываецца для надпарадкавання даданых выніковых сказаў з прычынным адценнем (звычайна ў спалучэнні са злучнікам або часціцай «і»). Шчокі дзяўчыны разгарэліся на марозе, і таму вочы здаваліся надзвычай блакітнымі і яснымі. Шыцік. [Іван Аўдолевіч] прыехаў следам за намі, у гушчар далёка не палез, сасну спусціў маладую, — таму вось і гатоў, ужо ўвязвае воз. Брыль. [Тацяна] проста не зводзіла вачэй з маладога чалавека. І таму, напэўна, што ён першы прынёс гэту незвычайную вестку. Васілёнак. // Уваходзіць у склад састаўнога прычыннага злучніка таму што. Часта прыходзілася спыняцца, таму што дарога была несамавітая. Мележ. [Даніла:] Не гарачыся, дзед, даслухай да канца. Я кажу так не таму, што шкадую гэту гадзіну, а таму, што хачу выратаваць людзей, якіх чакае смерць. Крапіва.
там-ся́м, прысл.
Дзе-нідзе, сям-там. Неўзабаве стадыён апусцеў, толькі там-сям засталіся сядзець невялікія групкі матросаў. Хомчанка.
тана́гра, ‑ы, ж.
Пеўчая птушка атрада вераб’іных з чырвоным апярэннем, якая жыве ў лясах Амерыкі.
тана́ж, ‑у, м.
Спец.
1. Водазмяшчэнне судна ў тонах. Танаж карабля.
2. Грузападымальнасць транспартных сродкаў, транспарту ў тонах. Танаж вагона. Танаж самалёта.
3. Вага якой‑н. прадукцыі, выражаная ў тонах. // Груз, вага якога выражана ў тонах. [Павел Дудок:] — Я, дзеду, што хочаш змайструю. Хочаш мост — па табе мост, на любы пралёт, на любы танаж. Лынькоў.
[Фр. tonnage.]
тана́льнасць, ‑і, ж.
Спец.
1. Дакладнае размяшчэнне гукаў ладу па вышыні. Танальнасць до мажор. // Гама, на якой пабудаваны музычны твор. Танальнасць песні.
2. Асноўны, пераважаючы колер, каларыт, спалучэнне таноў твора выяўленчага мастацтва (карціны, гравюры і пад.), якія садзейнічаюць стварэнню той або іншай эмацыянальнай настроенасці. Ксілаграфія вылучаецца мастацкай дасканаласцю разьбы, багатай танальнасцю. Шматаў.
3. перан. Асноўная эмацыянальная настроенасць літаратурнага твора, п’есы, вобраза і пад. Шырока распаўсюджаны фальклорны матыў [скаргі дзяўчыны-прыгажуні з народа] атрымаў у творчасці Тараса Шаўчэнкі асаблівую лірычную танальнасць, яркае паэтычнае выражэнне. Палітыка. Асноўным стылёвым сродкам, які падтрымлівае агульную высокую танальнасць твора, з’яўляецца шырокае выкарыстанне ў «Палтаве» [А. С. Пушкіна] архаічнай лексікі. Рагойша.
тана́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тону (у 1, 9 знач.); гукавы або колеравы. Танальны пераход.
2. Які мае адносіны да танальнасці (у 1 знач.). Танальная пабудова кантаты.
танатало́гія, ‑і, ж.
Навука, якая вывучае прычыны смерці, клініка-марфалагічныя праяўленні і дынаміку памірання.
[Ад грэч. thánatos — смерць і logos — вучэнне.]
танбу́р, ‑а, м.
Трохструнны шчыпковы музычны інструмент грушавіднай формы, пашыраны ў СССР ва Узбекістане, Таджыкістане і суседніх з імі краінах.
[Перс.]
та́нга, нескл., н.
Парны бальны танец свабоднай кампазіцыі з энергічным, выразным рытмам, а таксама музыка да гэтага танца. Тым часам гарманіст зайграў танга. Асіпенка.
[Ісп. tango.]