Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тамі́цца, тамлюся, томішся, томіцца; незак.

1. Заморвацца, прыставаць ад цяжкай, непасільнай працы. Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. Бацька з маткай на рабоце не томяцца, калі з дзетак сваіх цешацца. Прыказка. / Пра рукі, ногі і інш. Пэўны час Максім глядзіць у акно, але томяцца вочы, і ён пачынае пазіраць на пасажыраў. Мікуліч.

2. Мучыцца, пакутаваць, будучы пазбаўленым свабоды. Таміцца ў турме. □ Вякамі таміліся народы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі пад панскім гнётам. Купала. Пры мястэчку па-над Сожам У фашысцкім гарнізоне За калючай агароджай Люд таміўся ў палоне. Кірэенка. // Тужыць, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. І з таго часу ад Настулі І з дому вестак не было — І ўсё там здарыцца магло, і ён [Дзяжа] за іх таміцца мусіў. Колас. Ці ж ёй [Ганне] так і марнець адной, таміцца невядомасцю, гадаць па зорках, што там з Васілём? Мележ. // Знемагаць. Там, ля камбайна, прымасцілася з восем старых жанчын. Зыркае ранішняе сонца сляпіла ім вочы, і яны таміліся ў чаканні. Хадановіч. / Пра прыроду. Усё тамілася і млела ў гэтай ласкавай веснавой цеплыні. Лобан. Гарачы поўдзень таміўся ў цішы сцен фермы. Ракітны. Зямля тамілася, а ноч над ёй спявала. Панчанка.

3. Спец. Вытрымлівацца пры пэўных умовах для набыцця неабходных якасцей. На доле ў кучы тамілася сырая гліна. Скрыган.

4. Зал. да таміць (у 3, 4 знач.).

тамі́ць, тамлю, томіш, томіць; незак.

1. каго-што. Мучыць, знясільваць (цяжкай, непасільнай працай). Хутарская кожнадзённая работа вельмі таміла .. [Зосю]. Чорны.

2. каго-што. Прычыняць фізічныя або маральныя пакуты. Стоцкі таміў інжынера спецыяльнымі пытаннямі, быццам усё жыццё меў справу з электрастанцыямі. Карпюк. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і чалавек мімаволі стараўся знайсці, нешта такое, на чым можна было б адпачыць і заспакоіцца. Колас. // Пакутліва турбаваць, гнясці (пра пачуцці, думкі і пад.). «За чэрствы кавалак хлеба, За шклянку халоднай вады — Хіба ж чалавеку трэба Гэтулькі зносіць бяды?» Праклятае гэта пытанне Таміла цябе [Рэдыку] не раз. Глебка. Ночы былі светлыя, такія ціхія, што калі Міканор прыходзіў з вячорак, душу таміла самота. Мележ.

3. што. Спец. Вытрымліваць у пэўных умовах для атрымання неабходных якасцей. Таміць цэлюлозу.

тамле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. таміць (у 1, 2 знач.) і стан паводле дзеясл. таміцца (у 1, 2 знач.). Душы .. [панямонскіх інтэлігентаў] знаходзіліся ў стане тамлення і праглі дзейнасці, шукалі вострасці адчування, але выхаду не знаходзілі. Колас.

2. Спец. Дзеянне паводле дзеясл. таміць (у 3 знач.) і таміцца (у 3 знач.).

тамлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць тамлівага. Тамлівасць чакання.

тамлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Такі, які выклікае тамленне, прымушае таміцца (у 2 знач.). Тамлівы дзень. Тамлівае маўчанне. □ Луг, на якім два дні таму назад панавала тамлівая цішыня, расквітнеў зараз стракатымі плаццямі жанчын, напоўніўся тарахценнем касілак, рытмічным шчоўканнем конных грабляў. Стаховіч. Марудна, да болю напружана праходзяць хвіліны, доўгія, тамлівыя. Колас. Міканор .. прыглядаўся да падрослых куранёўскіх дзяўчат — прыглядаўся з цікавасцю, з тамлівым прадчуваннем нязнанага шчасця. Мележ.

тамо́жнік, ‑а, м.

Служачы таможні, таможнай варты. Недаступны да таго таможнік яшчэ з якую хвіліну глядзеў на нас, нібы вырашаў якую складаную праблему. Лынькоў.

тамо́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да таможні. Таможны склад. □ [На цеплаход] узыходзілі чарадой таможныя і паліцэйскія чыны. Мележ.

2. Які мае адносіны да кантролю за правозам тавараў цераз граніцу і збіраннем пошлін за такі правоз. Таможная пошліна. □ З дапамогай таварышаў, якія прыехалі мяне сустракаць, і камандзіра самалёта я хутка адшукаў свае рэчы і прайшоў таможныя фармальнасці. Новікаў. Хочацца хутчэй на бераг, але наперадзе яшчэ непазбежныя таможныя працэдуры. В. Вольскі.

тамо́жня, ‑і, ж.

Установа, якая займаецца кантролем над правозам тавараў цераз граніцу і збіраннем спецыяльных пошлін за такі правоз. Разам з другім таварышам, які добра ведаў англійскую мову.., мы паехалі на вакзальную таможню. Лынькоў.

тампа́к, ‑у, м.

Сплаў медзі і цынку, які мае залацісты колер і выкарыстоўваецца для вырабу танных упрыгожанняў.

[Ням. Tompak з малайск.]

тампако́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тампаку, уласцівы яму. Тампаковы колер.

2. Зроблены з тампаку. Тампаковыя гадзіннікі.