Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трэнірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

Навучаючы каго‑н., праводзіць сістэматычныя практыкаванні ў чым‑н. Трэніраваць гімнаста. Трэніраваць футбалістаў. □ Штоночы трэніравалі партызан: вучылі бясшумна здымаць вартавых. Шамякін. // Практыкуючы, развіваць, прывучаць да чаго‑н. Трэніраваць памяць. Трэніраваць волю.

трэніро́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да трэніроўкі, з’яўляецца трэніроўкай. Трэніровачныя заняткі. Трэніровачныя зборы. // Прызначаны для трэніроўкі. Трэніровачная пляцоўка. Трэніровачны самалёт.

трэніро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Вучэбныя заняткі, практыкаванні з мэтай удасканалення якога‑н. навыку, умення. Трэніроўка па плаванню. // Развіццё чаго‑н. Трэніроўка мускулаў. Трэніроўка памяці.

трэ́нне, ‑я, н.

1. Рух прадмета па паверхні другога прадмета. Трэнне аднаго кавалка сухога дрэва аб другі.

2. Сіла, якая перашкаджае руху аднаго цела па паверхні другога. Каэфіцыент трэння, Трэнне ў машынах.

трэ́нчык, ‑а, м.

Спец. Вузкі раменьчык, які служыць для прымацавання чаго‑н. (ружэйнага рэменя да ложа вінтоўкі, седлавых сумак і пад.).

трэ́ньканне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. трэнькаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

трэ́нькаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Найграваць (на струнным шчыпковым музычным інструменце), брынкаць. [Антон] паклаў сабе на калені мандаліну, на якой толькі што ціха трэнькаў, і слухаў далёкае пагрукванне. Савіцкі. У хаце ёсць мандаліна, на якой даволі прыстойна трэнькаюць. Навуменка.

2. Гучаць, утвараць адрывістыя, брынклівыя гукі (пра шчыпковыя музычныя інструменты). У кухні перасталі трэнькаць струны мандаліны. Карпюк. // Звінець. Гараць кастры, усюды гамонка, галасы, коні пасвяцца пад ляском і трэнькаюць званкамі. Ракітны. // Утвараць гукі, падобныя на брынканне струн (пра птушак, насякомых). За абедам збіралася ўся сям’я. Дзеці сварыліся з-за кавалкаў мяса. Дамавіта трэнькаў цвыркун пад печчу. Лупсякоў.

трэнь-брэ́нь, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння гучання шчыпковых музычных інструментаў, а таксама ігры на іх.

трэпа́н, ‑а, м.

Спец. Інструмент для свідравання косці пры трэпанацыі.

[Фр. trépan з грэч.]

трэпанава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад трэпанаваць.