каменда́нт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Начальнік войск крэпасці або ўмацаванага раёна. Камендант крэпасці.
2. Вайсковы начальнік, які наглядае за дысцыплінай, парадкам і правільным нясеннем службы ў гарнізоне. Камендант горада. Камендант гарнізона.
3. На шляхах зносін — асоба, якая наглядае за парадкам перамяшчэння войск, ваеннаслужачых і вайсковых грузаў. Ваенны камендант.
4. Асоба, адказная за ахову і гаспадарку якога‑н. грамадскага будынка. Камендант інтэрната. Камендант вучэбнага корпуса.
[Фр. commandant.]
каменда́нцкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да каменданта, належыць яму. Каменданцкая служба. Каменданцкі патруль.
2. у знач. наз. каменда́нцкая, ‑ай, ж. Службовае памяшканне каменданта. Каля каменданцкай стаяў натоўп вайскоўцаў. Хадкевіч.
•••
Каменданцкая гадзіна гл. гадзіна.
камендату́ра, ‑ы, ж.
Установа, якую ўзначальвае камендант (у 1, 2 знач.), а таксама памяшканне, у якім знаходзіцца такая ўстанова. На доме.. з явілася шыльда з кароткім, але гучным надпісам «Мясцовая камендатура». Лынькоў.
[Ад ням. Kommandantur.]
камендо́р, ‑а, м.
Матрос-спецыяліст, які абслугоўвае артылерыйскія ўстаноўкі на караблях і ў часцях Ваенна-Марскога Флоту; марскі артылерыст.
[Англ. commander.]
камендо́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да камендора.
камене... (а таксама каменя...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнню адпавядае слову камень, напрыклад: каменеапрацоўчы, каменедрабілка.
каменедрабі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Машына для драблення камення і інш. горных парод.
каменедрабі́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для драблення камення і інш. горных парод. Каменедрабільны агрэгат.
каменеўбо́рачны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для ўборкі камянёў. Каменеўборачная машына.
ка́менка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Печ у лазні, складзеная з камення. Насця папырскала венікам каменку — у прылазнік шыбанула сухая гарачая пара. Асіпенка.