Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хлевушо́к, ‑шка, м.

Памянш.-ласк. да хлеў; маленькі хлеў. Цёмнай вулачкаю, між платоў і нізенькіх хлевушкоў, мы выскачылі ў невялічкі недагледжаны садок. Адамчык. Хочаш лішні воз галля ці сухастою якога мець, вазьмі падчыстку ў лесе, а пры ёй і на варыўню ці на хлевушок прыдбаеш. Пальчэўскі.

хлестако́ўшчына, ‑ы, ж.

Нястрымная хвальба, хлусня; легкадумнасць.

[Ад імя Хлестакова, аднаго з герояў камедыі М. В. Гогаля «Рэвізор».]

хлеў, хлява, м.

Памяшканне для свойскай жывёлы, птушак. Застаяўшыся ў хляве, конь ішоў весела, лёгка і праворна. Мележ. Недзе далёка, у хляве, глуха пеўні праспявалі. Чорны. // перан. Разм. Пра бруднае, запушчанае (непрыбранае) памяшканне.

хле́ўчык, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да хлеў. І тут жа ў хлеўчыку часовым, У наспех скіданым з сучча, Стаяць авечка, конь, карова, Жуюць салому па начах. Астрэйка.

хлёбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Разм.

1. Піць; піць вялікімі глыткамі. Хлёбаць чай.

2. Есці, чэрпаючы лыжкай вадкую страву. Хлёбаць суп.

хлёбнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да хлёбаць.

хлёрка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Разм. Хлорная вапна ў выглядзе раствору або парашку.

хлі́панне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. хліпаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Памалу рыданні.. [жонкі Гвардыяна] заціхалі, пераходзячы ў ціхае жаласнае хліпанне. Зарэцкі.

хлі́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Ціха плакаць; усхліпваць. [Маці] толькі сутаргава хліпала, выціраючы вочы вялікімі патрэсканымі пальцамі. Мележ. Белагаловая дзяўчынка сядзела трохі воддаль і хліпала, выціраючы кулачкамі заплаканыя вочы. Чыгрынаў.

2. перан. Слаба, мігатліва гарэць. Лямпа, якая вісела перад сталом прэзідыума, чамусьці пачала хліпаць усё мацней і мацней. Паслядовіч. Газоўка хліпала вечарам. Барадулін. Недзе ля Ялты раз-поразу загараўся зялёны агеньчык маяка; ён хліпаў бясконца, пасылаючы ў мора супакаенне начным вандроўнікам. Карамазаў.

хлі́пкі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Слабы, хілы. Гэта быў маленькі, хліпкі чалавек сярэдніх год. Пянкрат. // перан. Слабахарактарны, бязвольны. Бацька мой засцерагаў таварышаў, што Павэлак — чалавек хліпкі, ненадзейны, што лепш яго адсунуць ад сябе, пакуль не позна. Гарэцкі.

2. Нямоцны, ненадзейны, нетрывалы. Сходкі былі хліпкія, вузкія, без усякіх поручняў — проста дзве нядбайна збітыя цвікамі дошкі. Асіпенка. // Гразкі, багністы. Магутныя гусенічныя трактары, зарываючыся ў хліпкае балота аж да верху гусеніц, цягнуць на буксіры гружаныя лесам аўтамашыны. Мяжэвіч.