кабза́р, ‑а, м.
Украінскі народны спявак, які акампаніруе сабе на кобзе.
кабзаро́ў, ‑рова.
Які належыць кабзару. Кабзаровы песні.
кабза́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кабзара, належыць яму. Толькі кліч кабзарскі нёсся гучна ў далі, Прабіваўся ў гушчы, як вечавы звон. Гурло.
кабі́на, ‑ы, ж.
Невялікае, звычайна закрытае, памяшканне спецыяльнага прызначэння (напрыклад, для пілота ў самалёце, вадзіцеля ў аўтамабілі, тэлефонных размоў і пад.). Кабіна для галасавання. Душавая кабіна. □ У празрыстай шкляной кабіне, асветленай гарачым майскім сонцам, на фоне чыстага сіняга неба быў відзён сілуэт кранаўшчыка. Грахоўскі. Пятрусь вылез з пілоцкай кабіны крыху збянтэжаны — ён не чакаў, што яго будзе сустракаць усё сяло. Краўчанка.
[Фр. cabine.]
кабіне́т, ‑а, М ‑неце, м.
1. Рабочы пакой у доме, кватэры. Як пісьменнік працуе над словам? Звычайна адбываецца гэта ў цішыні кабінета, за зачыненымі дзвярамі. Шкраба. // Службовае памяшканне ва ўстанове, на прадпрыемстве для адказнага работніка. Кабінет старшыні. □ Кабінет Ніны Іванаўны, дырэктара дзіцячага дома, быў квадратным з адным шырокім акном на паўднёвы ўсход. Васілевіч. Начальніка цэха, які.. ўсіх навічкоў прымаў асабіста, .. [Міхал і Лёдзя] знайшлі ў кабінеце. Карпаў.
2. Спецыяльнае памяшканне, абсталяванае для заняткаў, працэдур (у навучальных і навукова-даследчых установах, паліклініках і пад.). Хімічны кабінет. Рэнтгенаўскі кабінет. Кабінет мовы і літаратуры.
3. Урад у некаторых дзяржавах (Індыі, Аўстраліі і інш.), які складаецца з міністраў. Змена кабінета.
4. У Расіі 18 — пачатку 19 ст. — назва некаторых урадавых устаноў (асабістай канцылярыі цара, кіраўніцтва гаспадарчымі і фінансавымі справамі царскага двара). Кабінет яго вялікасці.
•••
Кабінет міністраў — тое, што і кабінет (у 3 знач.).
[Фр. cabinet.]
кабіне́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да кабінета. Кабінетны стол. Кабінетная мэбля.
2. Які адбываецца ў кабінеце. Кабінетныя заняткі. Кабінетныя размовы. // Адарваны ад жыцця, не звязаны з практыкай. Кабінетны вучоны. □ Усе моцна крытыкавалі газету і намесніка рэдактара, .. крытыкавалі заганны кабінетны стыль работы. Шамякін. Не стаў Кастусь зазнайкай і кабінетным сухаром, — заўсёды з людзьмі і заўсёды працуе шчыра. Брыль.
•••
Кабінетны партрэт гл. партрэт.
Кабінетны раяль гл. раяль.
кабіне́тчык, ‑а, м.
Неадабр. Пра кіраўніка, які карыстаецца канцылярскімі метадамі.
кабі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Памянш. да кабіна; тое, што і кабіна. Кабінкі многіх грузавікоў і гарматы былі цяпер упрыгожаны вяргінямі і ружамі. Мележ.
каблагра́ма, ‑ы, ж.
Тэлеграма, перададзеная па падводным кабелі.
[Фр. câblogramme.]
каблу́к, ‑а, м.
Тое, што і абцас. Стук каблукоў. Падбіць каблукі.