Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

сто́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць стомнага.

сто́мны, ‑ая, ‑ае.

Які прыводзіць да стомы.

сто́нчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад станчыць.

стоп, выкл.

1. Ужываецца як каманда ў значэнні: стой! спыніся! Стоп. На момант спынімся. Мехаў. — Стоп, машына, прыехалі! — Валодзька надзьмуў шчокі, важна спыніў «самазвал» і пачаў грузіць на яго розныя цацкі. Шымук. // Ужываецца як загад у значэнні: хопіць! даволі! годзе! [Валя:] — Стоп, стоп! Не вам гэта гаварыць. Вы не горш ведаеце, што Янус у рымлян меў два твары. Карпаў. // у знач. вык. Даволі, хопіць. [Настасся:] — [Пятру] не такая патрэбна была. Ты ж [Даша] што, правучылася да сямі класаў і — стоп, годзе, сказала. Ракітны.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца ў значэнні: спыніўся, спыніліся. Праедзем кіламетр — стоп, шына спусціла.

3. у знач. нескл. наз. Назва сігналу для прыпынку транспарту. Сігнал стоп.

[Ад англ. stop — спыняць.]

сто́пар, ‑а, м.

Спец.

1. Прыстасаванне для фіксацыі рухомых частак механізма ў пэўным становішчы. Аўтаматычны стопар. Стопар мікрометра.

2. Прыстасаванне для ўтрымання якарнага ланцуга, троса на судне.

3. Механізм для закрывання клапана ў сталеразліўных каўшах.

[Англ. stopper — корак, затычка.]

сто́парны, ‑ая, ‑ае.

Які спыняе ход, дзейнасць розных механізмаў або фіксуе іх у пэўным становішчы; у якім ёсць стопар. Стопарны кран. Стопарнае прыстасаванне. □ Не ўсе заліўшчыкі навучыліся як след упраўляць стопарнымі каўшамі. Савіцкі.

сто́парыцца, ‑рыцца; незак.

1. Спыняцца, спыняць сваю дзейнасць (пра машыну, механізм). // перан. Разм. Затрымлівацца ў сваім руху, развіцці. Работа стопарыцца.

2. Зал. да стопарыць.

сто́парыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. што. Спыняць ход, дзейнасць (механізма, машыны і пад.). // перан. Разм. Затрымліваць ход, развіццё чаго‑н. Стопарыць справу.

2. Спыняцца, спыняць сваю дзейнасць (пра машыну, механізм).

сто́пка 1, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Невялікая шклянка для віна. І наліў паўнютку стопку: — Стукні, друг, і... не дышы. Бялевіч. // Колькасць віна, гарэлкі і пад., якая ўмяшчаецца ў такую шклянку. Цяпер Герасім Іванавіч куляе стопку без лішніх слоў і, рукавом уцершы вусны, пачынае навейшы рэпертуар, дзе на першым месцы таксама вайсковыя маршы. Карамазаў. Сядзім удваіх за столікам. У нас нават па стопцы чырвонага віна. Васілевіч.

сто́пка 2, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Тое, што і варыўня. Старая перабірала бульбу ў стопцы. Броўка.

сто́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад стапіць.