Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

сто́йма, прысл.

Разм. У стаячым становішчы. Свята гэта [рамонт машыны] адзначалі стойма, у вытаўчаным быльнягу, ля адчыненых дзверцаў кабіны. Ракітны.

стокле́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які раздзелены на сто клетак (пра шашачную дошку).

стол, стала, м.

1. Прадмет мэблі ў выглядзе шырокай гарызантальнай дошкі на высокіх падпорах (ножках), часам з шуфлядамі, тумбачкамі, на які кладуць, ставяць што‑н. Пісьмовы стол. Кухонны стол. Чарцёжны стол. □ З поля гадзінкаю шэрай Вярнуся, сяджу за сталом, Краплюся паціху вячэрай, Лучынка міргае агнём. Купала. Маці паставіла на стол усяго, што толькі было ў іх. Чорны. Зайшоў у свае сцены, і тут табе ўсё: вось твой стол, сядай за яго і што хочаш — еш, чытай, пішы, лічы. Ракітны.

2. У выразах, якія абазначаюць: прыём ежы, яда. За сталом (у час яды). Садзіцца за стол (садзіцца есці). Уставаць з-за стала (уставаць, кончыўшы есці). Ісці да стала (ісці есці). Запрашаць да стала (запрашаць есці). Накрыць (на) стол (прыгатаваць усё для яды). Прыбраць са стала (пасля яды прыбраць посуд, рэшткі яды). Сабраць на стол (прыгатаваць, паставіць усё неабходнае для яды). □ Не хачу з імі [багатымі] быць за сталом, На сваё паніжэнне глядзець, Як, мінаючы чаркай з віном, Ад парогу накажуць сядзець. Купала. Адным словам, Сымон Карызна сеў за стол у добрым гуморы. Зарэцкі. Стол накрылі ў пакоі, які займалі немцы. Новікаў. // Сталаванне, харчаванне. К вечару другога дня .. [Кастравіцкі] знайшоў сабе стол — у вёсачцы, размешчанай па суседству з біястанцыяй. Навуменка.

3. Страва, ежа; тое, што гатуюць, падаюць для яды. Затраты на стол. Рабіць разнастайныя свой стол. // з азначэннем. Від стравы, ежы; рэжым харчавання. Вегетарыянскі стол. Дыетычны стол.

4. які або чаго. Аддзел ва ўстанове, а таксама сама ўстанова, якія займаюцца спецыяльным колам пытанняў. Стол рэгістрацыі шлюбаў у ЗАГСе. Стол даведак. Пашпартны стол. // Форма абслугоўвання насельніцтва. Стол заказаў. Стол раскрою.

•••

Адрасны стол — установа, якая рэгіструе асоб, што пражываюць у пэўнай мясцовасці, і выдае даведкі пра іх месцажыхарства.

Стол знаходак — установа, у якую здаюць знойдзеным рэчы для перадачы іх уладальнікам.

За круглым сталом — пра сустрэчу, нараду і пад., калі ўдзельнікі маюць аднолькавыя правы і пры абмеркаванні якіх‑н. пытанняў выказваюцца ў пэўным парадку.

Пад стол пяшком хадзіць гл. хадзіць.

Садзіць за стол гл. садзіць.

Царскі стол — пра багаты пачастунак.

сто́лак, ‑лка, м.

Абл. Зэдлік. [Чухрэвіч] устаў з доўгага столка і паставіў яго каля .. [Агаты]. Чорны. — Мо аж з Мазыра? — падцягвае .. [дзед Іван] да грубкі столак і садзіцца, прыгладжваючы густыя, яшчэ не зусім пасівелыя валасы. Палтаран.

столанача́льнік, ‑а, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі — чыноўнік, начальнік стала (у 4 знач.). Франтаваты пісец, ад якога пахла капеечнай французскай вадой, прынёс у кабінет столаначальніка яго, Гольц-Мілера, прашэнне. Мехаў.

столанача́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да столаначальніка, уласцівы яму.

сто́левы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да столі, утварае столь. Столевыя перакрыцці.

сто́лік, ‑а, м.

1. Памянш. да стол (у 1 знач.); маленькі стол. Туалетны столік. □ На століку ляжалі школьныя журналы. Колас.

2. Разм. Стол, звычайна невялікі, у рэстаранах, кафэ, сталовых і пад. Заказаць столік у рэстаране.

сто́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Слой, пласт; складка чаго‑н. Вострымі кравецкімі ножнамі я лёгка выразаў дзве столкі лямцу па велічыні гатовай падкладкі. Якімовіч. Строгія столкі заслоны ўзвіліся. Глебка. / у вобразным ужыв. Туману распаўзліся столкі ад хат у поле, на загон. Дубоўка.

•••

У адну столку (у дзве, тры і г. д. столкі) — у адзін (два, тры і г. д.) разы.

столь, ‑і, ж.

1. Верхняе ўнутранае пакрыццё памяшкання, процілеглае падлозе. Сцены гладка склютаваны, Стрэхі з бляхі белай, Столь, падлога габляваны, Вокны ў сажань цэлы. Купала. Калгасныя цесляры паспелі паставіць толькі зруб і кроквы ды пакласці столь над адным пакоем. Мележ.

2. Паверхня гэтага пакрыцця з боку гары. Родзька праворна ўзбіраецца на столь, дзе пад чарапічным дахам ззяе электрычная лямпачка: здагадлівы старшыня паклапаціўся, каб працаваць .. было светла. Даніленка. Раніца ў нашым пакоі пачыналася грукам і стукам на столі. Новікаў.

•••

Пад столь — вельмі высокі. [Дзядзька Павел:] — Расці, нябожа, вялікі, каб, пакуль я прыйду з вайны, ты быў пад столь ужо. Сабаленка.

Пляваць у столь гл. пляваць.