Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

развэ́дзгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Размазаць па паверхні што‑н. густаватае, ліпкае.

развява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. развяваць і развявацца. // Спец. Выдзіманне ветрам часцінак горных народ і глебы. У працэсе натуральнага зарастання расліннасцю або пасля пасадкі лесу развяванне пяскоў спыняецца. Прырода Беларусі.

развява́цца, ‑аецца; незак.

1. Калыхацца, хвалявацца ад ветру. Настаўніца стаяла высока на возе, гордая, стройная, вочы яе гарэлі, валасы развяваліся. Маўр. На доме, дзе размяшчаўся штаб злучэння, і на многіх будынках развяваліся чырвоныя, сцягі. Шчарбатаў.

2. Зал. да развяваць.

развява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Калыхаць, распускаць, разносіць у розныя бакі. Вецер .. развяваў сіні дым .. [Тамашовай] папяросы. Чорны. Вецер развяваў рознакаляровыя сцягі на мачтах. Хомчанка.

развядзе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. разводзіць — развесці (у 2, 4–7 знач.) і разводзіцца — развесціся (у 2, 3 знач.).

развядзён, ‑а, м.

Разм. Разведзены з жонкай мужчына. — Хто гэта паквапіцца цябе браць з дзіцем? Хіба які ўдавец ці развядзён, дык цяпер іх не вельмі стае — удаўцы ўсе на тым свеце, адны ўдовы асталіся. Сабаленка.

развядзёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Разведзеная з мужам жанчына. [Маці:] — На другую — даўно з’ездзіла б да яго ў Мінск, перагаварылася, прыйшла б да нейкага ладу — ці сёе, ці тое; ці жонка, ці развядзёнка. Пальчэўскі.

развя́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад развязаць.

развяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.

1. Распусціцца, разысціся (пра канцы чаго‑н. звязанага). Але вось праз акно бачу, ідзе ў праўленне жанчына. Ідзе так хутка, што нават белая хустка на галаве развязалася, і вецер канцы яе заносіць на плечы. Пестрак. У Сцёпкі ў калідоры, перад самым выхадам ужо, развязалася абора ад лапця. Пальчэўскі. // Вызваліцца ад вяровак, завязак і пад., распакавацца. Пакет развязаўся. Мяшок развязаўся. □ Глянула Назарыха і абамлела. Што ж гэта? Яе вузельчык развязаўся, а ў Міхасёвай руцэ жмут чырвоненькіх паперак. Б. Стральцоў.

2. перан.; з кім-чым. Разм. Парваць сувязь з кім‑, чым‑н., вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. Люба патрабавала, каб Генадзь хутчэй развязаўся з Вікторыяй. Сабаленка. Якаў хацеў сказаць, што ён ужо развязаўся з зямлёй, але гэта было б падобна на пахвальбу. Чарнышэвіч.

3. перан. Разм. Прыйсці да развязкі, вырашыцца. Плячысты дымаўскі дзяцюк .. дастаў капшук і рыхтаваўся закурыць, думаючы, мусіць, што справа развяжацца мірным спосабам. Крапіва.

•••

Язык развязаўся (развяжацца) гл. язык.

развяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Распусціць, расслабіць канцы чаго‑н. звязанага. Развязаць хустку. □ [Стафанковіч] паклаў клунак на другі стол, які стаяў пасярод пакоя. Развязаў рагі прасцірадла, пачаў выцягваць з яго крысо сапраўды добрага футра. Чорны. // Вызваліць ад завязку ўпакоўкі што‑н. завязанае, звязанае. Развязаць мех з бульбай. □ [Яцук] развязаў свой рукзак, вывалак кілаграмовы кавалак сала. Лупсякоў. // Зняць тое, чым былі звязаны хто‑, што‑н., вызваліць ад вяровак і пад. — Мы развязалі арыштаваных, нам трэба было адразу ж рушыць адсюль. Чорны. [Тата] развязаў казлу ножкі і пусціў яго на падлогу. Брыль. Вартавы развязаў палоннаму вочы. Шамякін.

2. перан. Разм. Рашыць, вырашыць што‑н. заблытанае. — Зараз! — адмахнуўся Казік і зноў схіліўся над задачай, якую ніяк не мог развязаць да канца. Шыловіч. — О-о! — жартліва ўсклікнуў Яўген, Рыгоравіч. — Справа тут складаная, прычын сямейная, мне не пад сілу развязаць яе. Хадкевіч.

3. перан. Даць чаму‑н. развіцца, разгарнуцца, праявіцца ў поўнай меры. Развязаць ініцыятыву мас.

4. Разгрузіць ад скаплення транспарту (дарогу), збудаваўшы развязку (у 3 знач.).

•••

Развязаць вайну — пачаць вайну.

Развязаць вочы каму — прасвятліць каго‑н. палітычна, духоўна і пад.

Развязаць рукі каму — даць свабоду дзеянняў, вызваліць ад залежнасці, абмежавання ў чым‑н.

Развязаць язык каму — а) прымусіць разгаварыцца, расказаць сакрэт, тайну. — Каб развязаць табе язык, я дам табе паспытаць вось гэтага, — сказаў афіцэр. Ён узяў ад салдат шомпалы і, скруціўшы іх дротам па тры разам, загадаў старому класціся на снег. Галавач; б) разгаварыцца, пачаць шмат гаварыць (пасля маўчання). Віно развязала язык і Віктару. Асіпенка.

Хоць пуп развяжы — колькі хочаш, уволю (есці).