развяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.

1. Распусціцца, разысціся (пра канцы чаго‑н. звязанага). Але вось праз акно бачу, ідзе ў праўленне жанчына. Ідзе так хутка, што нават белая хустка на галаве развязалася, і вецер канцы яе заносіць на плечы. Пестрак. У Сцёпкі ў калідоры, перад самым выхадам ужо, развязалася абора ад лапця. Пальчэўскі. // Вызваліцца ад вяровак, завязак і пад., распакавацца. Пакет развязаўся. Мяшок развязаўся. □ Глянула Назарыха і абамлела. Што ж гэта? Яе вузельчык развязаўся, а ў Міхасёвай руцэ жмут чырвоненькіх паперак. Б. Стральцоў.

2. перан.; з кім-чым. Разм. Парваць сувязь з кім‑, чым‑н., вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. Люба патрабавала, каб Генадзь хутчэй развязаўся з Вікторыяй. Сабаленка. Якаў хацеў сказаць, што ён ужо развязаўся з зямлёй, але гэта было б падобна на пахвальбу. Чарнышэвіч.

3. перан. Разм. Прыйсці да развязкі, вырашыцца. Плячысты дымаўскі дзяцюк .. дастаў капшук і рыхтаваўся закурыць, думаючы, мусіць, што справа развяжацца мірным спосабам. Крапіва.

•••

Язык развязаўся (развяжацца) гл. язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)