Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

спо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што спорыцца; хуткі і паспяховы (пра дзейнасць, працу). Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. // Складны, энергічны. Жвір выстукаў пальцамі па лаўцы нейкі спорны і дробны марш. Адамчык. // Які найбольш падыходзіць да выканання чаго‑н.; найбольш практычны, эканомны. Трактар — Дужы і ў працы спорны. Колас. Буланы, застаяўшыся ў гарадку, апанаваны аваднямі, імчаў лінейку спорнай рыссю. Хадкевіч.

2. Які хутка змочвае або пакрывае зямлю (пра снег, дождж); часты. Нядаўна прайшоў спорны дождж, і ісці па слізкай абочыне было цяжка. Парахневіч. Снег валіў нядоўга з неба, але быў да таго густы і спорны, што праз якую гадзіну горад стаў белы. Васілёнак.

3. Які дае пры малых затратах найлепшы вынік; выгадны ў гаспадарчых адносінах. Спорная мука. □ Дровы, праўда, былі не самавітыя, бо не надта спорныя, у большасці галлё ды пруцце. Кулакоўскі. // З вялікай колькасцю ягад, зярнят і пад. Колькі разоў падыходзіў я да.. [каліны] і любаваўся спорнымі гронкамі ягад! Бажко. [Юстын:] — Такой пшаніцы мы і, праўда, зроду не бачылі — буйная, спорная, што золата. Краўчанка. // Буйны, вялікі. Мох на балоце густы, спорны. Галавач. Слёзы пацяклі па твары, гарачыя і спорныя. Крапіва. На .. [чамаданчыку] кроплі вады: сцякліся адна да адной, спорныя цяпер, круглыя, як гарох. Пташнікаў.

4. З вузкімі, дробнымі, блізка размешчанымі літарамі і невялікімі прамежкамі паміж словамі (пра почырк і пад.). [Рэдактар] падаў.. [Віктару] густа спісаны спорным почыркам ліст паперы. Даніленка.

спорт, ‑у, М ‑рце, м.

Фізічныя практыкаванні (гімнастыка, барацьба, турызм і пад.), якія маюць мэтай развіццё і загартоўку арганізма. Парашутны спорт. Майстар спорту. □ Азарчук яшчэ раз звярнуў увагу на тое, як спорт дапамог яму ў рабоце. Ваданосаў. Мінскае возера зрабілася цэнтрам воднага спорту ў горадзе. «Беларусь». / Пра гульню ў шахматы, шашкі, пра рыбалоўства і пад. // перан.; чаго і які. Занятак, які з’яўляецца прадметам азартнага захаплення.

[Англ. sport.]

спорт... (а таксама спарт...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «спартыўны», напрыклад: спорттавары, спортпляцоўка.

спортгарадо́к, ‑дка, м.

Комплекс спартыўных збудаванняў для заняткаў рознымі відамі спорту; спартыўны гарадок.

спортлато́, нескл., н.

Спартыўнае лато.

спо́ры, спор; адз. спора, ‑ы, ж.

1. Мікраскапічныя зачаткі некаторых раслінных арганізмаў (імхоў, папаратнікаў, грыбоў і пад.), якія служаць для размнажэння і распаўсюджвання іх, а таксама (у бактэрый) для захавання ў неспрыяльных умовах.

2. Акружаныя тоўстай абалонкай аднаклетачныя зародкі прасцейшых жывёл класа спаравікоў, якія служаць для распаўсюджвання і захавання ў неспрыяльных умовах.

[Ад грэч. spora — пасеў, семя.]

спо́рыцца, ‑рыцца; незак.

Разм. Ісці паспяхова, удавацца каму‑н. Калі чалавек працуе з ахвотаю, праца ў яго руках спорыцца. Сабаленка. Ураджай радуе, і работа спорыцца. «Звязда».

спо́саб, ‑у, м.

1. Прыём, метад ажыццяўлення, дасягнення чаго‑н. Прамысловыя спосабы здабычы торфу. Капіталістычны спосаб вытворчасці. Весці будаўніцтва эксперыментальным спосабам. Спосабы яравізацыі азімай пшаніцы. □ [Лютынскі:] Мы ж павінны паказваць больш культурныя і рацыянальныя спосабы карыстання зямлёй. Крапіва. І кожны з іх [хлопцаў] мае па плану свой спосаб рашэння задачы. Колас. Тут былі парады, як распальваць агонь у лесе: па-сібірску, паляўнічым і іншым спосабамі. Паслядовіч.

2. чаго. Парадак, характар, склад. Спосаб праўлення. Спосаб дзеянняў.

3. Рэальныя ўмовы, сродак, магчымасць ажыццяўлення чаго‑н. У пошуках спосабу жыць гэтая сям’я на некалькі год трапіла на Далёкі Усход, пасля зноў вярнулася ў Беларусь. Чорны. Па некалькі разоў у дзень Васіль перадумваў спосабы сустрэчы. Гартны.

спо́тайку, прысл.

Крадком, употай; цішком. Да панны Людмілы.. [Саханюк] не падыходзіў, хоць спотайку сачыў за ёю вельмі ўважна. Колас.

спо́ўзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Паўзком дабрацца куды‑н. і вярнуцца назад. Калі там прыціхла, .. [Рыбак] на кукішках споўзаў па шапку і зноў прыхінуўся плячамі да халоднай мураванай сцяны. Быкаў.