сплята́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. сплятаць — сплесці (у 1, 2 знач.).
сплята́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да сплесціся.
2. Зал. да сплятаць.
сплята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да сплесці.
спляце́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. сплятаць — сплесці і сплятацца — сплесціся.
2. Тое, што сплецена; цэлае, часткі якога сплецены, пераплецены адно з адным. Сонечныя, быццам дымныя [прамяні] прабівалі спляценні галля на дрэвах. Савіцкі. [Пялёсткі] падалі з дрэва на сівую галаву Тапурыя, ляжалі на тонкім спляценні сецяў. Самуйлёнак. Перад будынкам пад спляценнем правадоў чарнелі .. трансфарматары. Карпюк. // перан. Злучэнне, спалучэнне чаго‑н. Даніла быў ахвочы Волю словам даць сваім І даць нават тлумачэнне З свайго погляду-знацця Неразгаданым спляценням, З’явам цёмнага жыцця. Колас. У рамках асноўных сюжэтных ліній .. выяўляецца спляценне асабістага лёсу галодных герояў з гістарычным працэсам. Дзюбайла.
•••
Сонечнае спляценне — спляценне сімпатычных нерваў, размешчанае ў брушной поласці на паверхні брушной аорты.
спо́ведзь, ‑і, ж.
1. У хрысціянскай царкве — пакаянне ў сваіх грахах перад свяшчэннікам і дараванне ім грахоў. Мужчыны малінаўскія былі не вельмі багамольныя, у царкву хадзілі рэдка, але споведзі ды прычасця не прапускалі. Чарнышэвіч.
2. перан. Шчыры расказ пра ўласнае жыццё; прызнанне ў чым‑н. А, думаецца, хаця б хто выслухаў тваю споведзь і адно-другое слова ўцехі праказаў, — ох, колькі б цяжару спала з плеч! Гартны. Пятрок з прыемнасцю слухаў шчырую споведзь таварыша, які не так ужо і даўно думаў зусім інакш. Ваданосаў.
спо́ведны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да споведзі. Споведная кніга.
спо́гадзь, ‑і, ж.
Абл. Спагада. Але спогадзь і спачуванне .. [айца Кірыла] былі на баку цельшынскага настаўніка. Колас. [Грамабой:] Ніякай спогадзі няма да чалавека. Крапіва. Жаласлівасць расла ў .. [Любе] з самага малку, жаласлівасць і спогадзь да ўсіх слабых. Мурашка.
спод, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Ніз, ніжняя частка чаго‑н. У сподзе кожнага аркуша стаіць лічба 3, а тады — «Якуб Колас. Дрыгва». Брыль.
2. Бок прадмета, процілеглы яго верху. Спод тоўстага кругляка, нібы ступа, быў заліты воскам. Паўлаў.
3. Дно чаго‑н. Але не абышлося без няшчасця, у чоўне Тайдо прапароўся спод аб востры камень, а лішняй кары не было, каб залатаць. Маўр. Стаіць адным бокам, з паднятым на паветра другім бокам і з пагнутым і парваным сподам нямецкі танк. Чорны. Свіст неўпрыцям паклаў на спод кацялка вынутае з торбы Пшанічнага сала. Быкаў. // перан. Глыб, нутро. [Тодару] здавалася, што ён забыўся пра .. [Доню]. Не, сподам душы і думкі адчуваў яе ціхую прысутнасць усе тыя студэнцкія гады. Вышынскі. І ажылі, замітусіліся думкі, што ад раніцы ляжалі пакутліва-цяжкім клубком недзе на сподзе душы. Сачанка.
4. Адваротны бок (тканіны, аркуша і пад.). І ложкі былі, і на ложках не рыззё, не коўдры дамашнія, а пярыны з чырвоным сподам. Мележ. Набягае ветрык — і лісце трапеча, звініць, паблісквае матава-с[е]рабрыстым сподам. Ракітны.
•••
Пад спод; пад сподам — пад ніз, пад нізам. Старыя, жоўтыя [грыбы] кладзём пад спод, а белыя, ядраныя .. наверх. Сачанка. Там .. чарназём з глеем пад сподам, і калі быў мокры год — усё вымакала. Дамашэвіч.
спо́дак, ‑дка, м.
Невялікая талерка з паднятымі берагамі, на якую ставіцца кубак або шклянка. — Распранайцеся ж ды сядайце за стол, — звярнулася гаспадыня да госця, а сама расстаўляла шклянкі і сподкі, увіхаючыся каля стала. Колас. — Мы зробім яму з гэтых дошак будку і будзем карміць кожны дзень, — гаварыў Андрэй, тыцкаючы сабачку носам у сподак з малаком. Ваданосаў. Неўзабаве Ганна Карпаўна прынесла з кухні патэльню з яечняй, бохан хлеба і сунічнае варэнне на сподку. Сіняўскі.
спо́дам, прысл.
Понізу, каля самай паверхні (зямлі, вады). Сподам сцелецца ягаднік — яркія пацеркі суніц і сіваватыя .. чарніцы. Брыль.