спод, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Ніз, ніжняя частка чаго‑н. У сподзе кожнага аркуша стаіць лічба 3, а тады — «Якуб Колас. Дрыгва». Брыль.
2. Бок прадмета, процілеглы яго верху. Спод тоўстага кругляка, нібы ступа, быў заліты воскам. Паўлаў.
3. Дно чаго‑н. Але не абышлося без няшчасця, у чоўне Тайдо прапароўся спод аб востры камень, а лішняй кары не было, каб залатаць. Маўр. Стаіць адным бокам, з паднятым на паветра другім бокам і з пагнутым і парваным сподам нямецкі танк. Чорны. Свіст неўпрыцям паклаў на спод кацялка вынутае з торбы Пшанічнага сала. Быкаў. // перан. Глыб, нутро. [Тодару] здавалася, што ён забыўся пра .. [Доню]. Не, сподам душы і думкі адчуваў яе ціхую прысутнасць усе тыя студэнцкія гады. Вышынскі. І ажылі, замітусіліся думкі, што ад раніцы ляжалі пакутліва-цяжкім клубком недзе на сподзе душы. Сачанка.
4. Адваротны бок (тканіны, аркуша і пад.). І ложкі былі, і на ложках не рыззё, не коўдры дамашнія, а пярыны з чырвоным сподам. Мележ. Набягае ветрык — і лісце трапеча, звініць, паблісквае матава-с[е]рабрыстым сподам. Ракітны.
•••
Пад спод; пад сподам — пад ніз, пад нізам. Старыя, жоўтыя [грыбы] кладзём пад спод, а белыя, ядраныя .. наверх. Сачанка. Там .. чарназём з глеем пад сподам, і калі быў мокры год — усё вымакала. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)