спо́дні, ‑яя, ‑яе.
1. Які размешчаны ўнізе. Меле сподні камень муку ды толькі радуецца, што цяпер ён яшчэ лепш служыць людзям. Якімовіч.
2. Які знаходзіцца са споду (у 2 знач.). На сподняй старане каменя, пад якой чалавек мог хавацца ад якой-небудзь прыгоды, немаведама кім і калі, быў выразаны рысунак. Чорны.
3. Які мае адносіны да споду (у 4 знач.). [Ніна] выцерлася споднім бокам кофтачкі і ступіла на бераг. Мележ. Васількевіч са сподняй кішэні скураной тужуркі выняў зашмальцаваны блакноцік, аловак з блішчастым медным наканечнікам. Навуменка.
4. Які надзяваецца пад іншае адзенне або непасрэдна на цела; ніжні (пра бялізну). Казік у сподняй кашулі плёскаўся і фыркаў над вялікаю мядніцай. Грахоўскі. Вільгельміна ў сподняй спадніцы .. сарамліва падалася ўбок. Гартны. / у знач. наз. спо́дняе, ‑яга, н. Мікола як спаў у адным споднім, гэтак і выскачыў у сенцы, а пасля на гарышча. Сабаленка.
спо́днік, ‑а, м.
Рэч, якая падкладваецца пад што‑н., якая з’яўляецца ніжняй часткай чаго‑н.
спо́днікі, ‑аў; адз. няма.
Доўгія споднія штаны. [Шабуня] сядзеў у сподніках, а штаны трымаў у руках і прышываў да іх латку. Чарнышэвіч.
спо́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спаіць.
спо́знены, ‑ая, ‑ае.
1. Які наступае са спазненнем, пазней звычайнага. Крыху спозненая, але дружная вясна [н]абірала ўсё болей і болей жыватворнай сілы. Колас. // Які бывае, з’яўляецца, паспявае пазней за іншыя. Праўда, дзе-небудзь з краю паляны яшчэ трапляў спознены [званочак]. Карпюк.
2. Які адбываецца, робіцца пазней, чым трэба. Досыць было аднаго памылковага або на адну дзесятую секунды спозненага павароту руля, каб ад матацыкліста і машыны засталося літаральна мокрае месца. Шамякін. Спозненыя пошукі бацькавай магілы навучылі мяне многаму. Лось.
3. Позні. Сцежкамі да гумнаў праходзілі мужчыны і толькі дзе-нідзе свяціўся ў хаце спознены агеньчык. Брыль.
спо́йванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. спойваць — спаіць.
спо́йвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да спойваць.
спо́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спаіць.
спо́латы, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спалоць.