сподні, ‑яя, ‑яе.

1. Які размешчаны ўнізе. Меле сподні камень муку ды толькі радуецца, што цяпер ён яшчэ лепш служыць людзям. Якімовіч.

2. Які знаходзіцца са споду (у 2 знач.). На сподняй старане каменя, пад якой чалавек мог хавацца ад якой-небудзь прыгоды, немаведама кім і калі, быў выразаны рысунак. Чорны.

3. Які мае адносіны да споду (у 4 знач.). [Ніна] выцерлася споднім бокам кофтачкі і ступіла на бераг. Мележ. Васількевіч са сподняй кішэні скураной тужуркі выняў зашмальцаваны блакноцік, аловак з блішчастым медным наканечнікам. Навуменка.

4. Які надзяваецца пад іншае адзенне або непасрэдна на цела; ніжні (пра бялізну). Казік у сподняй кашулі плёскаўся і фыркаў над вялікаю мядніцай. Грахоўскі. Вільгельміна ў сподняй спадніцы .. сарамліва падалася ўбок. Гартны. / у знач. наз. сподняе, ‑яга, н. Мікола як спаў у адным споднім, гэтак і выскачыў у сенцы, а пасля на гарышча. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)