Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

сло́та, ‑ы, ДМ слоце і слата́, ‑ы, ДМ слаце, ж.

1. Сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам. Прыйшла восень з дажджамі, слотай, а перамогі ўсё не было. Пальчэўскі. Здавалася, што кожны тэлеграфны слуп пры шляху гудзе бесперапынна: і нудна, клічучы вятры і непагадзь, асеннюю слату і холад. Чарнышэвіч. У зімнюю завіруху і ў асеннюю слоту стаяў ён [дзядзька Яўтух], узіраючыся ў густую цемру, у сіняваты змрок, у туманнае ранне. Бялевіч. Ды і самі вуліцы, асабліва ў веснавое разводдзе ці асеннюю слату, .. танулі ў балоце. Мележ. // Вільгаць, макрэча. Асенні снег доўга не трывае — прыбаўляе слаты. Навуменка. І, разагрэты шпаркаю хадою па слоце каламутных каляін, шапчу... рыфмую з шолахам ялін смак цыгарэт і водар сырадою... Федзюковіч. / у паэт. ужыв. Пражыў на свеце многа: Вёз нечага сто год. За век пабачыў гора, Нямала вынес слот. Жылка.

2. м. і ж.; перан. Пра чалавека, які надакучае, прыстае. [Бабуля:] — Адчапіся, слата, у горле перасохла. Прадзі вось лепш, а то будзе бацька без кашулі. Брыль.

•••

Вязацца слатою (слотаю) гл. вязацца.

сло́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Сыры, з дажджом або мокрым снегам. Слотная восень. □ Бульба пячэцца, полымя шугае. А ты сядзі і — калі дзень слотны, непагодлівы — працягвай толькі да агню то адну, то другую руку. Васілевіч.

2. перан. Надакучлівы, назойлівы. Маці Вацікава дзецьмі абнядужала, а да бацькі прыкараскалася слотная трасца. Баранавых.

сло́ўнік, ‑а, м.

1. Кніга, у якой сабраны і размешчаны ў пэўным парадку (звычайна ў алфавітным) словы з тлумачэннем або з перакладам на іншую мову. Тлумачальны слоўнік. Беларуска-рускі слоўнік. Арфаграфічны слоўнік. Дыялектны слоўнік.

2. толькі адз. Сукупнасць слоў, якія выкарыстоўваюцца кім‑н. або дзе‑н.; лексіка. Узбагачэнне слоўніка дзяцей. Паэтыка коласаўскіх паэм, іх паэтычны слоўнік самым цесным чынам звязаны з тагачаснай сучаснасцю. Навуменка.

•••

Частотны слоўнік — тып слоўніка, у якім даюцца лічбавыя характарыстыкі ўжывальнасці слоў (словаформ, словазлучэнняў) у якой‑н. мове.

сло́ўнікавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да складання і выдання слоўніка (у 1 знач.). Слоўнікавы артыкул. Слоўнікавая работа. Слоўнікавае выдавецтва.

2. Які мае адносіны да слоўніка (у 2 знач.); лексічны. Слоўнікавы састаў мовы.

сло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да слова, які складаецца са слоў. Слоўны матэрыял. Слоўнае багацце народа. □ Між песень, зафіксаваных на Беларусі М. Федароўскім, можна сустрэць нямала твораў украінскага паходжання, што шырока бытавалі на беларускіх землях у самабытным слаўным афармленні. Саламевіч.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе слоў; вусны. Кожны раз у самай гарачцы слоўнага турніру між рэжысёрам і драматургам, калі, здаецца, во-во вайна дойдзе да самага свайго найвышэйшага пункту і ад слоўнага яна прыме кулачны выгляд, — пан Вашамірскі стрымліваў іх імпэт. Бядуля.

3. Уст. Які мае адносіны да славеснасці. Важна адзначыць, што Кандрату Крапіве падуладны розныя слоўныя жанры. Бялевіч.

сло́ўца, ‑а, н.

Разм. Памянш.-ласк. да слова (у 1, 3 знач.); трапнае, удалае слова, выраз. Кожнаму з.. [навасёлаў] Колас хацеў зазірнуць у вочы, пачуць ад кожнага хоць адно, але самае дарагое слоўца. Лужанін. Дам я Вам слоўца, братняе слоўца, шчырае слоўца, — не знаю другіх. Купала.

•••

Закінуць (адмовіць) слоўца гл. закінуць.

Моцнае слоўца — тое, што і моцнае слова (гл. слова).

слуга́, ‑і, ДМ слузе, м.

1. У дарэвалюцыйным і замежным быце — чалавек для асабістых паслуг, прыслужвання. Загразла ў балоце панская брычка разам з панскаю сям’ёю, слугамі, коньмі, з усім панскім скарбам. Колас. — Тады паглядзім зблізку, што гэта за народ, — сказаў гаспадар і загадаў слузе: прасі! Маўр.

2. перан. Той, хто працуе ў імя каго‑, чаго‑н., адданы каму‑, чаму‑н. Каб у жыцці з праўдзівай жыў душою, З людзьмі на свеце добрымі дружыў, Каб я свайму народу быў слугою, Радзімаю, як маці, даражыў. Русак. Ідэальным паэтам для Купалы з’яўляецца паэт-грамадзянін — слуга народа. Івашын. // Той, хто выконвае чыю‑н. волю, з’яўляецца зброяй у чыіх‑н. руках. Слугі імперыялізму.

•••

Ваш пакорны слуга (уст.) — а) ужывалася замест «я» ў размове для выказвання пашаны да таго, з кім гавораць; б) ветлівая форма заканчэння пісьма, паслання.

слугава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. слугаваць.

слугава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

Тое, што і прыслужваць. А паны сабе балююць, П’юць заморскае віно, — Для іх робіцца яно, — І ім лёкаі слугуюць, Як тут водзіцца даўно. Колас.

служа́ка, ‑і, м.

Разм. Вопытны, старанны служачы (звычайна пра ваеннага). Карпенка на ўсё жыццё запомніў тыя мудрыя словы старога служакі. Быкаў. Гарнізон у .. [оберлейтэнанта] быў невялікі, але надзейны: старыя служакі, яшчэ ў Бельгіі былі пад яго камандаваннем. Шамякін. // Пагард. Той, хто выслужваецца перад кім‑н.; паслугач. Думай думкі, што чыніці У бядзе паганай, Калі панскія служакі Прывядуць да пана! Купала. Хіба Панасюк служака ці падхалім? Васілевіч.