Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

словаўтварэ́нне, ‑я, н.

1. Утварэнне слоў у мове, а таксама спосабы такога ўтварэння слоў. Спосаб суфіксальнага словаўтварэння назоўнікаў.

2. Раздзел навукі аб мове, які вывучае структуру слоў і законы іх утварэння.

словафо́рма, ‑ы, ж.

Марфалагічны варыянт слова, які дае магчымасць спалучацца з іншымі словаформамі і ўтвараць фразы.

сло́дыч, ‑ы, ж.

Разм.

1. Уласцівасць салодкага (у 1 знач.); салодкі смак. Слодыч цукерак. Слодыч вінаграду. Такая слодыч, есці немагчыма.

2. перан. Прыемнае адчуванне; асалода, задавальненне. Я палюбіў цябе, край украінскі, За слодыч музыкі бандур тваіх. Журба. Сэрца ведае тамленне, Сэрца знае слодыч мар. Колас. Апошні месяц Міця адчувае сябе роўным з сябрамі і ўдосталь п’е слодыч гэтага цудоўнага пачуцця. Навуменка. [Баляслаў] піў слодыч цішыні бацькаўскага гнязда. Чорны. Я знаю, што служба марская — не слодыч, А мора — не толькі адна прыгажосць. Жычка.

сло́ены, ‑ая, ‑ае.

Зроблены ў выглядзе накладзеных адзін на другі слаёў, слаямі. Слоенае цеста. // Прыгатаваны з такога цеста. Слоены пірог.

сло́ік, ‑а, м.

Невялікая шкляная або гліняная пасудзіна. Зеленаватыя рыжыкі складаліся ў дзежачкі, гліняныя слоікі, саліліся. Васілевіч. [Прылуцкі] трымаў у руках шкляны слоік з хімічнымі прэпаратамі. Новікаў. // Колькасць чаго‑н., якая змяшчаецца ў такой пасудзіне. Ды яшчэ сённяшняй раніцай, збіраючыся сюды, .. [маці] памяняла на базары апошнія свае туфлі на слоік тварагу. Мехаў. Слоіка салёных груздоў, купленага на станцыі, хапала.. [Будрысу], з бульбай, на два дні. Караткевіч.

сло́ічак, ‑чка; Р мн. ‑чкаў; м.

Памянш. да слоік.

слой 1, ‑я; мн. слаі, ‑ёў; м.

1. Маса якога‑н. рэчыва, якая пакрывае паверхню чаго‑н., або пласт чаго‑н., размешчаны паміж іншымі такімі пластамі. Слой лёду. Слой тлушчу. Слой драўніны. Слаі атмасферы. □ Тоўсты слой моху-тарфяніку зялёным кажухом пакрываў балота. Ваданосаў. // перан. Тое, што наслойваецца на што‑н. Выпадак за выпадкам, нязначным, дробныя, пластуюцца яны і складаюць моцныя слаі жыцця. Гартны.

2. Група людзей, аднародная па сацыяльных, культурных і пад. прыметах. У рэвалюцыйным лагеры мы бачым людзей розных слаёў грамадства. Хромчанка.

•••

Культурны слой зямлі — слой зямлі, які ўтвараецца з арганічных і іншых рэштак на месцах пасяленняў чалавека.

слой 2, ‑я, м.

Вялікі слоік. Распачаў тут доктар лекі: Апарацік выняў нейкі, — Трубак, шрубак там мільён, А да іх яшчэ балон. У Хвядосаў труп застылы Ён бальзам уліў у жылы, Слой шкляны сказаў падаць, Стаў за хворым наглядаць. Крапіва.

сло́йка, ‑і, ДМ ‑йцы, ж.

Разм.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. слаіць. Слойка цеста.

2. Булачка з слоенага цеста. Свежыя слойкі.

слон, слана, м.

1. Буйная траваедная млекакормячая жывёліна з доўгім хобатам і двума біўнямі, якая жыве ў трапічнай Афрыцы і Азіі.

2. Шахматная фігура, якая можа перамяшчацца на любую колькасць клетак па дыяганалі.

3. Разм. Аб тоўстым непаваротлівым чалавеку.

•••

Рабіць з мухі слана гл. рабіць.

Слана не заўважыць — не бачыць самага важнага, самага прыкметнага, вялікага.

сло́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Лясная птушка з рудавата-бурым апярэннем; лясны кулік, вальдшнэп. З таго часу, як на балацявіне вынішчылі драбналессе, ён [Антонавіч] адкрыў тут пералётную трасу слонак. Карамазаў.