склада́емае, ‑ага, н.
У матэматыцы — велічыня (лік), якая складваецца з другой велічынёй (лікам).
склада́льнік, ‑а, м.
Той, хто стварае што‑н., аўтар. Гімн працы складае народ беларускі, І першы складальнік — бяссмертны Купала. Ставер. Старому так гулка чуліся гэтыя словы складальніка музыкі, што аж сэрца заходзілася ў яго ўпалых грудзях. Кірэенка. // Той, хто кампануе, падбірае матэрыялы для чаго‑н. Складальнік хрэстаматыі.
складаназале́жны, ‑ая, ‑ае.
У граматыцы — пабудаваны па спосабу граматычнай залежнасці. Складаназалежныя сказы.
складаназлу́чаны, ‑ая, ‑ае.
У граматыцы — пабудаваны па спосабу граматычнага злучэння. Складаназлучаныя сказы.
складанакве́тны, ‑ая, ‑ае.
1. З кветкамі, сабранымі ў суквецце, падобнае на адну кветку.
2. у знач. наз. складанакве́тныя, ‑ых. Сямейства двухдольных травяністых раслін з такімі кветкамі.
складанаскаро́чаны, ‑ая, ‑ае.
У граматыцы — утвораны са скарочаных частак двух або некалькіх слоў, якія ўваходзяць у склад якіх‑н. назваў, напрыклад: калгас, рабкор і пад.
склада́насць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць складанага (у 2–5 знач.). Я свет угледзеў там [над Нёманам], Пазнаў складанасць гам яго і тонаў. Колас. Праз два дні Міхась зразумеў, што ўся складанасць яго становішча прыдумана ім самім. Шахавец.
2. толькі мн. (склада́насці, ‑ей). Тое, што патрабуе вялікіх намаганняў; цяжкасці. У барацьбе са стыхіяй прыроды, з рознымі іншымі цяжкасцямі і складанасцямі рос і загартоўваўся калектыў шахцёраў. Кулакоўскі.
склада́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. складаць — скласці.
2. Матэматычнае дзеянне, пры дапамозе якога з двух або некалькіх лікаў (складаемых) атрымліваюць новы (суму), які мае столькі адзінак, колькі было ва ўсіх дадзеных ліках разам.
склада́нчык, ‑а, м.
Разм. Складаны нож. Ножык-складанчык. □ Такога павароту Шура не чакаў, паспешліва вылажыў на дол ножык-складанчык, абоймы з патронамі, лімонку. Навуменка. [Тонік:] — У мяне аставалася толькі адна надзея: выменяць дзягу на свой стары складанчык. Капыловіч.