Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

скла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Складзеная ў дзве столкі і загнутая палоска (на тканіне, паперы і пад.). Сынклета Лукічна апусціла галаву і доўга моўчкі перабірала складкі спадніцы. Шамякін. // Прамалінейны згіб на тканіне, паперы і пад. Усё было тое самае ў абліччы гэтага чалавека: у яго акуратным касцюме, у дакладнай складцы штанін. Лынькоў.

2. Няроўнасць, хвалісты згіб на тканіне, паперы і пад. Шаўковая накідка павісла пышнымі складкамі па баках. Мурашка. [Васіль] пакручваў вусікі, рыпеў па хаце новымі ботамі, без патрэбы зганяў на спіне складкі на гімнасцёрцы. Васілевіч. // Адвісласць або маршчына на скуры, целе. Дуброўскі быў яшчэ малады чалавек, вельмі паўнацелы, з гладзенькай адвіслай складкай пад падбародкам. Мележ. — Антаніна Мікалаеўна? — задумаўся Бярозін, і ў яго між [броваў] з’явіліся тры рэзкія складкі. Шчарбатаў.

3. Хвалепадобны згіб пластоў зямной кары. Складкі зямной кары. Складкі горных парод.

скла́дкавасць, ‑і, ж.

Спец. Уласцівасць складкавага; складкавая будова зямной кары. Складкавасць горных парод.

складкаватакры́лыя, ‑ых.

У выразе: складкаватакрылыя восы — сямейства перапончатакрылых насякомых; тое, што і сапраўдныя восы.

складкава́тасць, ‑і, ж.

Спец. Тое, што і складкавасць.

складкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Які мае многа складак, зроблены ў складку. Складкаваты матэрыял.

скла́дкавы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Утвораны згібамі пластоў зямной кары. Складкавыя горы.

складкаўтварэ́нне, ‑я, н.

Утварэнне складак горных парод зямной кары. Працэс складкаўтварэння.

скла́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць складнага. Складнасць мовы. Складнасць фігуры.

скла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязны, плаўны (пра мову, пісьмо і пад.). Складныя думкі не лезлі ў галаву. Броўка. // Разм. Мерны, рыфмаваны (пра мову). Складныя прыпеўкі. // Разм. Стройны, зладжаны (пра спеў, музыку). Я шчаслівы, што я разам Пяю песні з камсамолам. Пяём песні складным сказам, Ажно рэхі йдуць наўкола! Купала.

2. Добры, удачны. Складнае жыццё.

3. Разм. Добра складзены, зграбны, стройны. Складны хлопец. □ [Васіль] быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах. Кавалёў.

складны́, а́я, ‑о́е.

Такі, што можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складны бумажнік. Складное вудзільна. □ Даніла моўчкі выцягнуў з зямлянкі дошкі, дастаў з кішэні драўляны складны метр. Асіпенка.

складня́, ‑і, ж.

Абл. Штабель. Там плот абваліўся — трэба яго падперці, там складня дроў нахілілася, вось-вось разбурыцца — трэба перакласці яе. Шахавец.