Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

складня́, ‑і, ж.

Абл. Штабель. Там плот абваліўся — трэба яго падперці, там складня дроў нахілілася, вось-вось разбурыцца — трэба перакласці яе. Шахавец.

складо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да склада ​3; які служыць для абазначэння склада. Складовы знак.

2. Які ўтварае склад ​3. Складовыя гукі.

•••

Складовае пісьмо гл. пісьмо.

складскі́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да склада ​1 (у 2 знач.). Складское памяшканне. Складская маёмасць. □ Ішлі з паўгадзіны і выйшлі на вялікі, адгароджаны калючым дротам дзядзінец. Там бялелі сцены нейкіх доўгіх складскіх будынін. С. Александровіч. // Які ажыццяўляецца на складзе (складах). Складское захоўванне тавараў. Складскі ўлік.

скла́дчына, ‑ы, ж.

Унясенне грошай, прадуктаў і пад. удзельнікамі якой‑н. агульнай справы, а таксама грошы, прадукты і пад., сабраныя такім чынам. На шафе пастукваў будзільнік, што купілі ў складчыну. Даніленка. Праз агароджу, якая ставілася ў складчыну ўсімі гаспадарамі, каб не псаваць выгляду, [дом] пазіраў на вуліцу дзевяццю аднолькавымі вокнамі і гэтым быў падобны на звычайны барак. Ракітны. Калі каго-небудзь пазбаўлялі стыпендыі, усе класы рабілі складчыну і давалі яму неабходныя грошы да таго часу, пакуль ён зноў яе не атрымліваў. Сяргейчык. // Вечарынка, бяседа, якія робяцца на сабраныя такім чынам грошы, прадукты і пад. [Юрка] прымаў удзел у складчынах і, падпіўшы, танцаваў, пакуль хапала сілы. Карпаў. Мачыха гэтак разлютавалася, што нават думаць нельга было, каб папрасіць у яе чаго .. на тую складчыну. Сабаленка.

скла́дчынны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Сабраны шляхам складчыны. Складчынныя прадукты.

склане́нне, ‑я, н.

Змяненне па склонах слоў, якія належаць да іменных часцін мовы. Скланенне прыметнікаў. // Група такіх слоў з аднолькавымі формамі змянення па склонах. Назоўнікі першага скланення.

скланя́льнасць, ‑і, ж.

Здольнасць скланяцца, змяняцца па склонах. Скланяльнасць займеннікаў.

скланя́льны, ‑ая, ‑ае.

Які змяняецца па склонах. Скланяльныя часціны мовы.

скланя́цца, ‑яецца; незак.

1. Змяняцца па склонах.

2. перан. Разм. Часта ўпамінацца (звычайна непрыхільна). Ва ўсіх гэтых загадах, цыркулярах, следчых данясеннях на розныя лады чарнілася і скланялася газета «Мужыцкая праўда». С. Александровіч.

3. Зал. да скланяць.

скланя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Змяняць па склонах.

2. перан. Разм. Часта ўспамінаць, многа гаварыць пра каго‑, што‑н. (звычайна непрыхільна). Хлопцы нявесела жартавалі і ціха скланялі дырэктара, які не дазволіў нікому з іх весці машыну. Шамякін. [Дубовік:] — Там і цябе скланялі! Не хвалюйся! Сіўцоў.

•••

Скланяць на ўсе лады — тое, што і скланяць (у 2 знач.).