склада́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з некалькіх частак, элементаў; састаўны. Складаны сказ. Складанае рэчыва. Складаныя лікі. □ Пэўная колькасць складаных слоў была запазычана старабеларускай мовай з іншых моў. Гіст. лекс. бел. мовы.
2. Які з’яўляецца сістэмай многіх узаемазвязаных частак. Сельская гаспадарка — жывы і вельмі складаны арганізм. Дуброўскі. / Пра машыны, механізмы. На вачах Ігната пашыраўся завод, на якім вырабляліся цяпер самыя складаныя станкі. Лынькоў. Мантажныя работы — наогул нялёгкая аперацыя. Тым больш цяжка зманціраваць такую складаную машыну, як земснарад. Дадзіёмаў. // Мудрагелісты па сваёй будове, форме. Складаны ўзор. Складаны арнамент. □ Трактарысту .. пяць год таму назад.. [граніца] ўяўлялася ледзь не кітайскай сцяной, або, па меншай меры, нейкай складанай камбінацыяй з калючага дроту. Брыль.
3. Які характарызуецца сукупнасцю звязаных паміж сабой з’яў, адносін, прыкмет і пад. Пісьменнік стварае складаную сітуацыю, калі два ўласнікі змагаюцца паміж сабою. Адамовіч. Васіль Паўлавіч трошкі з сумам, але і з гонарам успамінае тыя цяжкія, складаныя дні. Кулакоўскі.
4. Які спалучае ў сабе разнастайныя, часта супярэчлівыя бакі, рысы (пра чалавека, яго характар і пад.). Лемяшэвіч выйшаў з абкома са складанымі і супярэчлівымі пачуццямі. Шамякін.
5. Цяжкі для разумення, рашэння, ажыццяўлення і пад. На перапынку Люба разбіралася ў складаным алгебраічным прыкладзе. Васілевіч. Гадоў трыццаць таму назад мнагабор’е лічылася надзвычай складаным відам спаборніцтваў і было пад сілу толькі дарослым. Шыцік. Ніколі раней Якаву Пятровічу не даводзілася рабіць складаных аперацый у такіх дзікіх умовах. Паслядовіч. Задачы перад працаўнікамі гаспадаркі стаяць складаныя. «Звязда».
6. Такі, які можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складанае вудзільна. □ Доўга корпаўся [салдат] у кішэні, дастаючы складаны ножык. Лынькоў. Перад .. [прыставам] стаяў маленькі складаны столік. Чорны.
•••
Складанае трайное правіла гл. правіла.
складападзе́л, ‑у, м.
1. У лінгвістыцы — мяжа паміж двума сумежнымі складамі ў слове.
2. Падзел слова на склады.
складаўтвара́льны, ‑ая, ‑ае.
Які можа ўтвараць склад (пра гукі мовы).
склада́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да скласціся (1–5 знач.).
2. Мець у сваім складзе каго‑, што‑н., быць складзеным з каго‑, чаго‑н. Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство — чалавек і прырода. Колас. Складаўся гэты тэатр з аднаго чалавека, скрыначкі і дзесяткаў двух цвыркуноў. Маўр. Няхітры гарнітур [Трахіма] складаецца са зрэбнай кашулі і шарачковых портак. Крапіва.
3. Зал. да складаць.
склада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да скласці (у 1–5, 10–13 знач.).
2. Быць састаўной часткай чаго‑н.; утвараць сабой што‑н. Большую частку яго [Паўловіча] спадчыны складаюць гумарыстычныя вершы і жарты, напісаныя на матэрыяле анекдотаў пра селяніна. Казека. Аснову рэпертуару Ланскага хору складаюць народныя песні і творы савецкіх кампазітараў. «ЛіМ». Маленькія завушніцы і нітка яркіх пацерак на шыі складалі яе [Каці] ўпрыгожанне. Васілевіч.
скла́дачны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для складвання чаго‑н.; прыстасаваны для склада 1 (у 1 знач.). Складачны пункт.
скла́дванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. складваць — скласці (у 1–5, 10–13 знач.) і складвацца — скласціся (у 4, 5 знач.).
скла́двацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да скласціся.
2. Зал. да складваць.
скла́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да скласці (у 1–5, 10–13 знач.).
скла́дзены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад скласці (у 1–6, 8 і 10–13 знач.).
2. у знач. прым. Які мае той ці іншы склад цела. Быў .. [Алесь] сярэдняга росту, але моцна складзены, з кароткай шыяй і магутнымі пукатымі грудзьмі. Караткевіч.