скамячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць; зак., што.
1. Змяць, ператварыць у камяк. Скамячыць паперу. Скамячыць адзенне. □ Зіна з абурэннем скамячыла прачытанае пісьмо, кінула яго ў кут. Гамолка. Курачка скамячыў у руках кашулю, якую яшчэ не паспеў надзець. Чарнышэвіч. Ну што будзе, калі я скамячу з мякішу галачку і шпурну яе ў ночвы, дзе сястра будзе мыць бялізну? Грамовіч. // Шчыльна сціснуць, самкнуць; згарнуць. Хутаранец, скамячыўшы губы, схапіў .. [Уладзю] за плечы. Чорны. — Вось якія яны [барозны] твае!!! — і ахоплены дзікай злосцю, Кузьма скамячыў здаровую фігу і з сілаю сунуў Петраку ў нос. Нікановіч.
2. перан. Сказіць, сапсаваць. Шум галасоў скамячыў.. словы [Карпуся]. Баранавых. Незнаёма-металічны тон рашучага загаду і кулямётная чарга адразу скамячылі ўсе яго гарачыя пачуцці. Паслядовіч. Аб’езд першага ўчастка не пагоршыў, не скамячыў таго радаснага настрою, які пакінуў пасля сябе другі ўчастак. Шынклер.
скана́нне, ‑я, н.
1. Смерць. Сказалі хлопцы так перад скананнем: «Не расстаёмся, не!» Пысін. Скананне скорае пужае.. [бабулю]. Бядуля.
2. перан. Канец. Восень нарадзіла ясноту хоць перад скананнем дня. Чорны.
•••
Да сканання — тое, што і да (самага) скону.
сканапа́ціць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; зак., што.
Разм. Канапацячы, зрасходаваць, патраціць. Сканапаціць пакулле.
сканапа́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад сканапаціць.
скана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Памерці. Аднойчы пасля сваркі разгарачыўся дзед, выпіў конаўку халоднай вады, а цераз дзень і сканаў. Лужанін. [Ганна] кінулася перавязваць дзяўчынку, але гэта былі дарэмныя клопаты, дзяўчынка некалькі разоў пазяхнула і на руках сканала. Гурскі.
2. перан. Знікнуць, скончыцца. Агеньчык сканаў, паглынуўшы сухое галлё, і вогнішча пакрылася сіняватым налётам попелу. Хадкевіч. Так і сканаў дзень, столькі часу прапала дарэмна! Новікаў.
скандава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. скандаваць.
скандава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад скандаваць.
скандава́цца, ‑дуецца; незак.
Зал. да скандаваць.
скандава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., што і без дап.
Выдзяляць націскны склад у кожнай стэпе верша (пра манеру чытання грэчаскіх і лацінскіх вершаў); чытаць верш, падкрэсліваючы ў ім метр. Я верш пісаў, рука мая здранцвела. Язык знямеў, скандуючы радкі. Дзяргай. // Гучна і выразна вымаўляць словы, дзелячы іх на склады. З цеплахода адказваюць па-шведску, скандуюць — моцны голас гэты гучыць над затокай: Дзя-куй! Мележ. Людзі дружна і смела пачалі крычаць, падступаць да папа, махаць рукамі, а яшчэ праз хвіліну і скандаваць: — Па-рус-ку! Па-рус-ку! Карпюк.
[Лац. scandere.]
сканда́л, ‑у, м.
1. Падзея, якая ганьбіць яе ўдзельнікаў, ставіць іх у няёмкае становішча. Я думаў, што зараз будзе вялікі скандал, бо я не толькі не змагу сказаць ніводнага слова, але і павалюся на сцэне. Рамановіч.
2. Сварка з крыкам, бойкай і пад. Саўка Мільгун.. нечакана змяніў свае паводзіны і скончыў скандалам і яшчэ нырнуў яго, войта, нажом у бок. Колас. Рэўнасць і крыўда штурхалі Веру Антонаўну на скандал. Карпаў. Усё абышлося ціха, без скандалу. Васілевіч.
[Фр. scandale.]