скаля́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да скаляра. Скалярныя велічыні.
скалясі́ць, ‑ляшу, ‑лясіш, ‑лясіць; зак., што.
Разм. Аб’ездзіць, абхадзіць. [Марцін:] — Мой сын — партызан, усе лясы скалясіў. Карпюк. Трэба было шукаць нейкай рады, і Жылуновіч скалясіў у пошуках працы Беларусь, Украіну, Літву і Латвію. С. Александровіч.
скама́ндаваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак.
Выказаць словы каманды, аддаць які‑н. загад. — Стройся! — скамандаваў тады Корчык, выходзячы.. на дарогу. М. Ткачоў. — Вольна! — скамандаваў.. [Ягораў]. Байцы ўскалыхнуліся, ім перадалося хваляванне камандзіра. Краўчанка. // Разм. Распарадзіцца, загадаць зрабіць што‑н. — Пастаў чамадан! — раптам скамандаваў Сцяпан Міхею і ўхапіў Маю за руку. Дуброўскі. — А ну, возьмемся талакой, — скамандаваў Макар. Колас.
скамаро́ства, ‑а, н.
1. Гіст. Занятак, прафесія скамароха.
2. Разм. Камедыянцтва, штукарства, крыўлянне. [Міхась] прыціснуў руку да грудзей і заплюшчыў вочы.. [Стэфа:] — Навошта гэтае скамароства? Савіцкі.
скамаро́х, ‑а, м.
1. У Старажытнай Русі і ў пазнейшы час — вандроўны акцёр. Першае ўпамінанне аб скамарохах на Беларусі мы знаходзім у пропаведзях Кірылы Тураўскага (XIII стагоддзе). «Беларусь». Бацька, дзед і прадзед умелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі. Гарэцкі. Адна з найбольш маляўнічых карцін спектакля паказвае выступленне вандроўных скамарохаў. Няфёд.
2. Разм. зневаж. Пра чалавека, які пацяшае другіх сваімі камедыянцкімі, штукарскімі выхадкамі.
скамаро́хаў, ‑ава.
Які мае адносіны да скамароха, уласцівы яму; такі, як у скамароха. Скамарохаў каўпак.
скамаро́шнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Паводзіць сябе так, як скамарох; крыўляцца. [Людміла:] Сярожа! Пакінь скамарошнічаць, а то я пайду. Кучар.
скамаро́шны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да скамароства (у 1 знач.). Скамарошнае мастацтва.
скамбінава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад скамбінаваць.
скамбінава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе.
Зак. да камбінаваць (у 1, 3 знач.).