скавыта́ць, ‑вычу, ‑вычаш, ‑выча; незак.
1. Жаласна павіскваць, ціха выць (пра сабаку і пад.). Сабака перастае брахаць і толькі скавыча, круцячыся каля гаспадара. Колас. Мокрае, худое і нейкае нязграбнае, .. [шчаня] ціха і жаласна скавытала, скасавурыўшы на Саньку чорныя вочы. Ваданосаў. // Утвараць гукі, падобныя да выцця. На дварэ за вугламі па-воўчы скавытаў халодны сіверны вецер. Нікановіч. І як цягнуў вагоны паравоз — жаласліва так скавыталі буксы, бы спявалі аб нядолі — прастоях, недагрузах. Шынклер. Завіруха не сціхала, вецер выў, скавытаў. Гроднеў. // Разм. зневаж. Непрыемна, жаласна, разгублена плакаць, гаварыць, утвараючы гукі, падобныя да выцця (пра чалавека). — Слюнцяй, не скавычы! Не можаш памагчы. Дык лепей памаўчы! Крапіва. Пан махнуў у поле. А прэлат пад храмам.. скавытаў ад страху. Бажко.
2. перан. Разм. зневаж. Ныць, назаляць, скардзіцца. — Галачка, адчыніце, малю вас, — скавытаў.. [Блажэвіч] з драматычнай інтанацыяй у голасе. Рамановіч. — І як вам не сорамна! — скавытаў пасажыр з газіка, бегаючы навокал. Корбан.
скавытну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да скавытаць.
скавыту́н, ‑а, м.
Разм. Чалавек, які скавыча, назаляе скаргамі.
скавыту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.
Разм. Жан. да скавытун.
скавы́ш, ‑у, м.
Разм. Моцны пранізлівы вецер з завываннем. Сухі скавыш ламаў на гасцінцы бярозавае голле, змятаў з поля апошні снег і скавытаў у коміне Кукавіцкай карчмы. Чорны. [Адась:] — Хадзем у хату: чаго дубець на гэтым скавышы, — зазваў Лысакоўчыка. Калюга. Там за ім [акном] пяе завеяй Свежы ранішні скавыш. Чарнушэвіч.
скагата́нне, ‑я, н.
Абл. Дзеянне паводле знач. дзеясл. скагатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Чулася натужнае скагатанне нямазаных колаў, свіст пуг, фырканне коней. М. Ткачоў.
скагата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.
Абл. Вішчаць, пішчаць. Нейкая фурманка страшэнна скагатала сваімі каламі — здавалася, быццам пішчыць ушчэмленае ў плоце парасё. М. Ткачоў.
скажа́льнік, ‑а, м.
Той, хто скажае што‑н. З нейкай бязмежнай лёгкадумнасцю нашы навейшыя скажальнікі сацыял-дэмакратызму выкідваюць за борт усё, што дорага для сацыял-дэмакратаў, што дае права бачыць у рабочым руху сусветна-гістарычны рух. Ленін.
скажа́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да сказіцца.
2. Зал. да скажаць.
скажа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да сказіць.