Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

скажо́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць скажонага; няправільнасць, перайначанасць, сапсаванасць. Скажонасць даты дакумента.

скажо́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сказіць.

2. у знач. прым. Няправільны, перайначаны, сапсаваны. Скажонае ўяўленне. Скажоны змест твора.

скажэ́нне, ‑я, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. скажаць — сказіць і стан паводле знач. дзеясл. скажацца — сказіцца.

2. Змяненне, якое скажае што‑н.; няправільнасць, памылка. Грубыя скажэнні ў тэксце. □ У інтэрмедыях часта непаслядоўна, са скажэннямі перадаваліся асобныя фанетычныя і граматычныя рысы беларускай мовы. Шакун.

скажэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Абл. Звар’яцелы, ненармальны, шалёны. [Марына:] — І вы ўжо не хочаце глядзець? .. Адвярнуліся, як ад скажэннай. Алешка.

сказ, ‑а, м.

1. Граматычна і інтанацыйна аформленае спалучэнне слоў або асобнае слова, якое выражае закончаную думку. Просты сказ. Складаны сказ. □ Пасля кожнага сказа вырываліся з.. грудзей [Антося] глыбокія, працяглыя ўздыхі. Кулакоўскі. Гаворыць Сяргей абрывіста, кароткімі сказамі. Жычка. Валодзька ўспомніў першы сказ сачынення, успомніў — і слёзы набеглі на вочы. Гамолка.

2. Народны твор аб сапраўдных падзеях мінулага або сучаснасць. Сказ пра Чапаева. □ Маладая мая, яснатварая Случчына, гэты сказ пра цябе. Дудар. І сказ аб братняй долі шчаснай Цішком хадзіў ад хат да хат. Панчанка. / у паэт. ужыв. І толькі задымленых танкаў маторы Суровы складалі аб воіне сказ. Кірэенка. // Літаратурны твор, у якім апавяданне вядзецца ад асобы апавядальніка.

3. Паданне пра якую‑н. падзею, асобу. Як крук, здавён кружыўся сказ пануры, Што нельга закранаць труны Цімура. Лойка. Сказ вякі захавалі пра вялікі той цуд. Машара.

4. Разм. Расказ, апавяданне пра што‑н. І вядзе Рыгор свой сказ, Нібы песню, складка: — Мне зямлі далі ў той час Кавалачак ладны. Бялевіч. А прыслухайся толькі да сказаў людзей, І пабачыш, якім будзе горад прыгожым. Танк. // Размова, слова, якія выражаюць чыю‑н. катэгарычную думку, рашэнне адносна чаго‑н. А ў яе [цешчы] кароткі сказ: «Ты, лайдак, завёз не ў час Угнаенне ў калгас!» Корбан.

•••

Аднародныя члены сказа гл. член.

Аднасастаўны сказ — сказ, які мае ў сваім саставе толькі адзін галоўны член.

Безасабовы сказ — сказ, у якім адсутнічае дзейнік і ён не падразумяваецца.

Бессуб’ектны сказ — тое, што і безасабовы сказ.

Галоўны сказ — частка складаназалежнага сказа, якая прадвызначае сувязь, што рэалізуецца даданым сказам.

Галоўны член сказа гл. член.

Даданы сказ — частка складаназалежнага сказа, сінтаксічна падпарадкаваная галоўнаму сказу і звязаная з ім пры дапамозе злучніка ці злучальнага слова.

Назыўны сказ — аднасастаўны сказ, у якім галоўны член выражаны формай назоўнага склону назоўніка.

Намінатыўны сказ — тое, што і назыўны сказ.

Неразвіты сказ — сказ, у саставе якога няма даданых членаў.

Развіты сказ — сказ, які мае ў сваім саставе, акрамя галоўных, даданыя члены сказа.

ска́завы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сказа (у 2 знач.). Сказавы стыль. □ Атмасфера паэм — сказавая, апавядальная, усе яны пабудаваны як «гісторыі». Бярозкін. З асаблівасцей дэмакратычнага сказа або сказавай формы апавядання выцякаюць і паэтычныя асаблівасці рытмікі верша Багушэвіча. Ларчанка. Трэба дадаць пры гэтым, што сказавую манеру твора чытач прыняў за просталінейны расказ аўтара пра сябе. «Полымя».

сказа́нне, ‑я, н.

Апавяданне гістарычнага або легендарнага зместу — адзін з жанраў старажытнай рускай літаратуры. Сказанне аб кіеўскіх волатах. □ Нават глыбокая старасць не хоча ісці ад жыцця. І сказанні народа пацвярджаюць гэта. Колас.

сказану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што і без дап.

Разм. Сказаць што‑н. нечаканае, часам недарэчнае, грубае і пад. Пераходаў аж уздрыгануўся ад нечаканасці, — ну і сказанула бабка. Краўчанка. Дагнаўшы жанчыну, Іван глянуў ёй у твар, .. і сказануў, што першае ўзбрыло на язык: — Куды, бабка, тэпаеш? Марціновіч.

ска́заны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сказаць.

2. у знач. наз. ска́занае, ‑ага, н. Тое, што вымаўлена кім‑н.; словы, якія сказаў хто‑н. Спахапіўшыся, паспрабавала [Марыя] змякчыць тон, перайначыць сэнс сказанага. Кулакоўскі. Але Валодзя не звярнуў на сказанае ніякай увагі. Даніленка. Тут усё настолькі дакладна і разумна, што дадаць да сказанага.. нічога нельга. «Полымя».

•••

Не ў гнеў (крыўду) хай будзе сказана гл. быць.

Сказана — зроблена — слова не разыходзіцца са справай.

сказа́цца, ска́жацца; зак.

Разм. Быць вымаўленым, сказаным. Не ўсё задуманае сказалася як належыць. Лужанін. І што ў жыцці завязана — Адразу ўсё развяжацца, І слова, што не сказана, У новай песні скажацца. Непачаловіч.