скаку́н, ‑а, м.
1. Конь з высокімі бегавымі якасцямі. Данскі скакун. Арабскі скакун. □ Скача ўлева, скача ўправа Конь-скакун. Чарот. З калгаснай стайні скакуноў Паспешна хлопцы запрагаюць. Танк. З-за ўзгорка на сівым скакуне паказаўся коннік. Гамолка.
2. Пра таго, хто скача (скочыў). [Грышка] падбег да самага краю і падаў руку Мельніку. Але ў яго не хапіла сілы выцягнуць гора-скакуна, і ён сам пачаў з’язджаць уніз. Рунец. // Спартсмен, які займаецца скачкамі. Спаборніцтвы скакуноў на лыжах.. прынеслі перамогу спартсменам «Лакаматыва». «Звязда».
3. Пра таго, хто не сядзіць на месцы, любіць скакаць, бегаць. — Іванка, ты спіш, ці што? Змарыла цябе, скакун ты гэтакі. М. Стральцоў. // перан. Пра тых, хто бегае, вышукваючы выгаду. Тутэйшыя мужчыны.. ведаюць, што дзе робіцца, носам чуюць, дзе рублём пахне. Няхай сабе назараўскія клічуць іх скакунамі. Да дзелавітых людзей мянушка не надта прыстае. Б. Стральцоў.
4. Разм. Той, хто танцуе, умее танцаваць. «Што ж ты стаў, .. Мікола? І чаму ж у круг не хочаш выйсці? Ты ж быў гэткім скакуном калісьці?» Макаль.
5. Жук, які пералятае нібы скачкамі.
скакуне́ц, ‑нца, м.
Абл. Конік. У садзе цэлую ноч .. стракаталі скакунцы. Гарэцкі.
скакуно́к, ‑нка, м.
Разм. Памянш.-ласк. да скакун (у 1 знач.). Канёк-скакунок.
скаку́нчык, ‑а, м.
Павук, які не пляце павуціны, а насякомых ловіць наскокам.
скаку́ха, ‑і, ДМ ‑кусе, ж.
Разм.
1. Жан. да скакун (у 3, 4 знач.). Глянь на Рыту Наскакуху, Колькі спрыту, Колькі руху: Скок ды скок Цераз шнурок. А. Александровіч.
2. Танец або песня хуткага рытму. А потым прыйшоў баяніст, расцягнуў мяхі ды польку, такую нястрымную скакуху ўдарыў. Лобан.
скала́, ‑ы; мн. скалы, скал; ж.
Каменная глыба, гара з крутымі схіламі, вострымі выступамі. Па моры плывуць караблі, Плывуць паміж рыфаў і скал... Купала. Непрыступнаю сцяной Карпацкія ўзняліся скалы. Танк. Узбярэжжа акіяна, на якім узнік горад — гэта магутная велізарная скала. Новікаў. // перан. Пра сілу, стойкасць, згуртаванасць. Рэспублікі нашы — скала, А сілу ім дружба дала — З’яднанасць савецкіх народаў. Колас.
скалазу́б, ‑а, м.
Разм. Тое, што і зубаскал. Аўтух з сваёй кампаніяй скалазубаў прытарнаваўся да плота — вакол яго, як заўсёды, грымеў безупынны.. рогат. Зарэцкі.
скалазу́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак.
Разм. Тое, што і зубаскаліць.
скалазу́бства, ‑а, н.
Разм. Тое, што і зубаскальства.
скалазу́бы, ‑ая, ‑ае.
1. Разм. З выскаленымі зубамі. Воўк пад дубам скалазубы — Ажно страх — Барана патрошыць, губіць У кустах. Шушкевіч.
2. у знач. наз. скалазу́быя, ‑ых. Сямейства марскіх рыб з тоўстым, кароткім, часам шарападобным, целам і выцягнутымі накшталт дзюбы сківіцамі.