сказ, ‑а, м.

1. Граматычна і інтанацыйна аформленае спалучэнне слоў або асобнае слова, якое выражае закончаную думку. Просты сказ. Складаны сказ. ▪ Пасля кожнага сказа вырываліся з.. грудзей [Антося] глыбокія, працяглыя ўздыхі. Кулакоўскі. Гаворыць Сяргей абрывіста, кароткімі сказамі. Жычка. Валодзька ўспомніў першы сказ сачынення, успомніў — і слёзы набеглі на вочы. Гамолка.

2. Народны твор аб сапраўдных падзеях мінулага або сучаснасць. Сказ пра Чапаева. ▪ Маладая мая, яснатварая Случчына, гэты сказ пра цябе. Дудар. І сказ аб братняй долі шчаснай Цішком хадзіў ад хат да хат. Панчанка. / у паэт. ужыв. І толькі задымленых танкаў маторы Суровы складалі аб воіне сказ. Кірэенка. // Літаратурны твор, у якім апавяданне вядзецца ад асобы апавядальніка.

3. Паданне пра якую‑н. падзею, асобу. Як крук, здавён кружыўся сказ пануры, Што нельга закранаць труны Цімура. Лойка. Сказ вякі захавалі пра вялікі той цуд. Машара.

4. Разм. Расказ, апавяданне пра што‑н. І вядзе Рыгор свой сказ, Нібы песню, складка: — Мне зямлі далі ў той час Кавалачак ладны. Бялевіч. А прыслухайся толькі да сказаў людзей, І пабачыш, якім будзе горад прыгожым. Танк. // Размова, слова, якія выражаюць чыю‑н. катэгарычную думку, рашэнне адносна чаго‑н. А ў яе [цешчы] кароткі сказ: «Ты, лайдак, завёз не ў час Угнаенне ў калгас!» Корбан.

•••

Аднародныя члены сказа гл. член.

Аднасастаўны сказ — сказ, які мае ў сваім саставе толькі адзін галоўны член.

Безасабовы сказ — сказ, у якім адсутнічае дзейнік і ён не падразумяваецца.

Бессуб’ектны сказ — тое, што і безасабовы сказ.

Галоўны сказ — частка складаназалежнага сказа, якая прадвызначае сувязь, што рэалізуецца даданым сказам.

Галоўны член сказа гл. член.

Даданы сказ — частка складаназалежнага сказа, сінтаксічна падпарадкаваная галоўнаму сказу і звязаная з ім пры дапамозе злучніка ці злучальнага слова.

Назыўны сказ — аднасастаўны сказ, у якім галоўны член выражаны формай назоўнага склону назоўніка.

Намінатыўны сказ — тое, што і назыўны сказ.

Неразвіты сказ — сказ, у саставе якога няма даданых членаў.

Развіты сказ — сказ, які мае ў сваім саставе, акрамя галоўных, даданыя члены сказа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)