Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

святлофізіяло́гія, ‑і, ж.

Галіна фізіялогіі раслін, якая вывучае дзеянне натуральнага і штучнага святла на розныя фізіялагічныя працэсы (рост, фотасінтэз раслін і пад.).

святлоценявы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да святлаценю, выкананы з прымяненнем святлаценю. Святлоценявое адлюстраванне.

святлочуллі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць святлочуллівага.

святлочуллі́вы, ‑ая, ‑ае.

Успрымальны, адчувальны да святла. Святлочуллівы нерв.

святля́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Не зусім светлы, светлаваты. Час, мабыць, мінаў за поўнач — маладзічок узлез у самую высь неба і ціха бліскаў там, завалочаны святлявым мроівам. Быкаў.

2. З светларусымі валасамі. Другі быў яшчэ шырэйшы ў плячах і ростам вышэйшы, а дабрадушным тварам, з вялікай святляваю галавою. Колас.

святля́к, светляка, м.

Невялікае насякомае сямейства жукоў, якое свеціцца ў цемры. Хмары камароў звінелі ў паветры, .. і быстрыя агеньчыкі першых светлякоў мігцелі там і тут. Самуйлёнак. Ля дарогі, у мясцінах, дзе было ніжэй, бледна-зялёна гарэлі светлякі,.. [Марусаў] браў іх у рукі — яны холадна тлелі, пакуль не адаграваліся ў далоні. М. Стральцоў.

свято́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць святочнага. Паліна ўсё заставалася яшчэ ў настроі той прыўзнятай святочнасці, якую перажывае чалавек у такі дзень. Кавалёў. // Святочны выгляд. [Вітрыны] звычайна аздоблены з любоўю, з добрым густам, і іх прыгожы выгляд надае пражскім вуліцам нейкую святочнасць. Мележ.

свято́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да свята. У першы святочны дзянёк выйшаў настаўнік на знаёмую яму сцежку, каля двух ветракоў, і пайшоў на чыгунку. Колас. // Які наладжваецца ў гонар свята, праводзіцца ў час свята, звязаны са святам. Святочны салют. Святочны канцэрт. □ Стравы на святочны стол падаюцца ў наступным парадку. Раней ставяцца халодныя закускі — ікра, рыбныя вырабы, розныя салаты і іншае. Пасля халодных закусак можна падаваць гарачыя стравы. «Звязда». Сягоння на Плошчы Чырвонай Святочны вайсковы парад. Аўрамчык. // Урачысты. Святочны марш. Святочная музыка.

2. Прыбраны, прыгожы, не будны. Аднекуль з’явіліся школьнікі з кветкамі, з чырвонымі сцяжкамі, і вуліца стала ўрачыстая, святочная. Карпаў. // Прызначаны для свята. Хай роўнаю стане Між днямі нядзеля — Святочнае ўбранне Дзень кожны надзене. Непачаловіч. То.. [настаўніка] бачылі ў святочным новенькім гарнітуры, калі ён з’яўляўся на заняткі або ішоў на прагулку, то ў звычайным рабочым, калі ён корпаўся ў садку. Якімовіч. Назаўтра.. [Аксеня] прайшлася перад маім акном у новым святочным плацці. Лупсякоў. / у знач. наз. свято́чнае, ‑ага, н. Стары Рувін, дзядзька і цётка апрануліся ў святочнае. Бядуля.

3. перан. Урачысты, узняты, вясёлы, шчаслівы (пра чалавека). Ішоў к табе я на сустрэчу Святочны, шчасны, малады. Прыходзька. Нупрэй не прапускае ніводнай сынавай лекцыі. У клубе сядзіць на першым радзе — яснатвары, святочны. Ракітны. // Уласцівы такому чалавеку, такім людзям. У цэху святочны настрой. Мыслівец.

свято́ша, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Іран.

1. Чалавек, які прытвараецца і выдае сябе набожным; ханжа. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці саткаць Даволі густа. Корбан. Веруючым карысна ведаць сапраўдны твар гэтых [карыслівых і хцівых] святош. «Звязда».

2. Разм. Пра ціхага, сціплага чалавека. — А ну яе! Святошу з сябе выстаўляе! Нават жартаў не разумее! — адказаў.. [Казак], мацаючы шчаку. — Дай закурыць, Барташэвіч, братка. Карпюк.

свя́тцы, ‑аў; адз. няма.

Царкоўная кніга, у якой змешчаны пералік усіх святых і царкоўных свят у каляндарным парадку. [Ніна] пачала здалёк; — Гэта я і імя такое ім параіла.. — У якіх святцах ты яго выкапала? Шамякін.