Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

свяці́ць 1, свячу, свеціш, свеціць; незак.

1. Выпраменьваць святло ў прастору. Некалькі дзён быў дождж, а сёння свеціць сонца. Брыль. Спі, маленькі мой сыночак! Вочкам не міргні: Свеціць месяца кружочак, Ты ж аб долі спі. Купала. Па небе плыў, амаль што бег месяц, была ноч, свяцілі то тут, то там, прарэзаўшыся праз рэдкія хмары, зоры. Сачанка. Грукала цяпер ужо цішэй і недзе збоку, далёка за Лонвай. Толькі маланкі свяцілі і свяцілі, ад іх рабілася цямней і на дарозе, і ў полі. Пташнікаў. // Накіроўваць святло асвятляльнага прыбора ці іншай крыніцы святла ў які‑н. бок. Убачыўшы Курловіча,.. [Дзям’ян] працягнуў з падкрэсленай пашанай: «А-а-а!» — і стаў, ідучы, старанна свяціць яму пад ногі. Дуброўскі. Архіп Паўлавіч дастаў ліхтарык і доўга свяціў ім. Шашкоў. // перан.; каму. Прыносіць радасць, шчасце, здавальненне. Я помню толькі ясныя раніцы, ясныя дні і вечары, бо Ганіна каханне свяціла мне, як само сонца. Чарнышэвіч. Жыў чалавек на свеце, Якому лёсам суджана было Сказаць, Што шчасце толькі смелым свеціць, Што толькі ў рэвалюцыі святло... Свірка.

2. Ззяць, адбіваючы святло, прамені. На гімнасцёрцы ветэрана свяцілі медалі. // Вылучацца сярод іншых прадметаў сваім светлым колерам, быць бачным, віднецца (пра што‑н. светлае). Белымі прамавугольнымі плямамі свяціла падлога. Гэта сталяр уставіў на месца праламаных дошак новыя. Нядзведскі. Меншы [хлопец] быў у вялікай чорнай кепцы — пасунулася аж на вочы; з’ехалі штаны, і на спіне свяціла голае цела — вузкай белай палоскай. Пташнікаў. // Выглядаць, быць старым, трухлявым і пад. (пра дзіравае адзенне, збудаванне і пад.). Пакрыўленае гуменца свяціла прарэхамі ў страсе. Пестрак.

3. перан. Іскрыцца святлом радасці (пра вочы); быць азораным унутраным святлом (пра твар). Ты ж, як праходзіш знаёмаю сцежкай, свеціш сустрэчным гарэзнай усмешкай. А. Вольскі. Аб шчасці марыцца, калі Нязгасным бляскам вочы свецяць... Тарас.

4. Траціць здольнасць бачыць; слепнуць (пра вочы). [Дзед:] Вочы дрэнна ўжо свецяць, Пачытай ты мне, голубе. Гілевіч. Ледзь не грудзьмі ўзлёгшы на руль, выехаў [каваль] з гаража, узяўся на дарогу і тут адчуў, што і рукі млеюць, і вочы слаба свецяць. Кулакоўскі.

5. перан. Заставацца неўміручым, вечным. Але песня не памерла, яна свяціла і будзе свяціць праз вякі, бо толькі ў ёй ідэал народнага шчасця. Навуменка. Памяць пра Коласа... Гэта яго кнігі, якія будуць свяціць вечна. «ЛіМ».

•••

Свяціць вачыма — аказацца ў няёмкім становішчы, знаходзіцца ў стане разгубленасці.

Свяціць голым целам — быць апранутым у падраную вопратку, бедна.

свяці́ць 2, свячу, свеціш, свеціць; незак., каго-што.

Выконваць над кім‑, чым‑н. царкоўны абрад асвячэння; асвячаць. Свяціць ваду. Свяціць хлеб. □ З самае раніцы ў царкву, што стаяла за мястэчкам, ішлі людзі свяціць вярбу. Лупсякоў.

свячэ́нне, ‑я, н.

Стан паводле дзеясл. свяціцца (у 1 знач.); выпраменьванне святла. Свячэнне фосфару. / у перан. ужыв. Нібы глыбіннае свячэнне, Душы маўклівае агонь. Усё зямное азначэнне — Твая сяброўская далонь. Вярба. Бачу — Кветкі бярэ І пляце, Спалучае Сінь фіялак І лотаці жоўтай свячэнне... Кусянкоў.

свяшчэнна...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «свяшчэнны», напрыклад: свяшчэннадзейны, свяшчэннаслужыцель.

свяшчэннадзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Выконваць царкоўны абрад, адпраўляць набажэнства.

2. перан. звычайна іран. Рабіць што‑н. урачыста і важна. — Вы толькі паглядзіце, — гаварыў Сямён, — з якім выглядам распісваецца ў ганарарнай ведамасці Васіль Агнёў! Хіба ж ён не свяшчэннадзейнічае? Васілёнак.

свяшчэннадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

Які выражае свяшчэннадзейства, які выконваецца як свяшчэннадзейства.

свяшчэннадзе́йства, ‑а, н.

1. Царкоўны абрад, адпраўленне набажэнства.

2. перан. звычайна іран. Выкананне якой‑н. справы з вялікай урачыстасцю і важнасцю. Латуза быў вялікі гурман і любіў не проста паесці, а ператварыць гэты натуральны працэс у свяшчэннадзейства. Рамановіч. У кулуарах рэдакцыі абласной газеты «днём свяшчэннадзейства» называлі дзень выплаты ганарару. Васілёнак.

свяшчэннаслужы́цель, ‑я, м.

1. Асоба, якая адпраўляе набажэнства. Свяшчэннаслужыцелі робяць выгляд, што яны не заўважаюць божай няпамятлівасці. «Полымя».

2. Назва служыцеляў рэлігійнага культу (дзяка, свяшчэнніка, епіскапа) у праваслаўнай царкве.

свяшчэннаслужэ́нне, ‑я, н.

Адпраўленне набажэнства.

свяшчэ́ннік, ‑а, м.

Духоўнае званне ў праваслаўнай царкве, прамежкавае паміж епіскапам і дзякам. // Асоба, якая носіць гэта званне; служыцель рэлігійнага культу, які праводзіць богаслужэнне. Дзед пісьменніка быў, як вядома, уніяцкі свяшчэннік, а бацька перасяліўся ў Маскву, дзе працаваў урачом і дзе нарадзіўся Ф.М. Дастаеўскі. В. Вольскі. Прыбытак з царквы бралі сабе свяшчэннікі, а мы перабіваліся так-гэтак. Хадкевіч.

свяшчэ́нніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да свяшчэнніка, уласцівы, належыць яму. Свяшчэнніцкі сан. Свяшчэнніцкая раса.