Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

свяшчэ́нства, ‑а, н.

1. Сан, званне свяшчэнніка. Тры ступені свяшчэнства — дыякан, свяшчэннік, епіскап. // Служба, занятак свяшчэнніка. Пакінуць свяшчэнства.

2. зб. Свяшчэннікі; свяшчэннаслужыцелі. Прыезд свяшчэнства.

сеа́нс, ‑а, м.

1. Публічная дэманстрацыя ці паказ чаго‑н. у вызначаны прамежак часу. Сеанс паказу мадэлей. □ Да пачатку сеанса было з паўгадзіны. Шыцік. І на прасёлачных дарогах, Вячэрні скончыўшы сеанс, Паіў і пасвіў ён [механік] гнядога Да самай поўначы не раз. Калачынскі.

2. Выкананне чаго‑н. (работы, лячэння і пад.) ва ўстаноўлены прамежак часу, а таксама прамежак часу, у які адбываецца што‑н. Сеанс гіпнозу. □ [Сяргей:] — Я партрэты хутка раблю, тры-чатыры сеансы — і гатова. Рэшту дапрацую без арыгінала. Машара.

сеансёр, ‑а, м.

Асоба, якая дае, праводзіць сеанс (у 1 знач.).

севазваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

Сістэма паляводства з паслядоўным, перыядычным чаргаваннем пасяўных культур на адным і тым жа полі. Ён [Лемяшэвіч] сам раней меў не надта глыбокае ўяўленне аб севазвароце і, колькі ні чытаў пра гэта, ніяк не мог запомніць чаргаванне культур. Шамякін.

севазваро́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да севазвароту.

севазме́на, ‑ы, ж.

Сістэма чаргавання пасяўных культур без цвёрдага севазвароту.

севяры́н, ‑у, м.

Спец. Тэмпературастойкі метал.

сегіды́лья, ‑і, ж.

Іспанскі народны танец трохдольнага размеру, які суправаджаецца спевамі, ігрой на гітары і кастаньетах, а таксама музыка да гэтага танца. // Музычны твор у рытме гэтага танца. Сегідылья Альбеніса.

[Ісп. seguidilla.]

сегме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Частка круга, абмежаваная дугой і яе хордай, а таксама частка шара, аддзеленая сякучай плоскасцю. // Фігура ці прадмет такой формы. Сегмент круга. Сегмент шара. Сегмент корпуса прэса.

2. Адзін з аднародных участкаў (членікаў), з якіх складаецца цела некаторых жывёл. Сегмент чарвяка.

3. Адзін з некалькіх аднародных участкаў, з якіх складаюцца некаторыя органы, часткі цела і пад. Сегмент пазванка.

[Ад лац. segmentum — адрэзак, палоса.]

сегмента́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сегментарны.