разві́слы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і развесісты. Раман Шулядзяк толькі што адпрог з плуга каня і пусціў яго папасвіцца ў маладым дубняку над ярам, а сам разлёгся пад ценем развіслага дуба. Колас.
развіта́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да развітання; звязаны з развітаннем. Развітальныя словы. □ Андрэй узышоў на сярэднюю гару і спыніўся, развітальным поглядам абводзячы дарагія прасторы зямлі. Колас. Сярожу і Стася пахавалі ў той вёсцы, дзе была першая брыгадная застава, і ротай далі развітальны салют. Брыль. Час раз’ездаў настаў... Што ні вечар даўжэй Развітальныя вальсы, што вечар цішэй Развітальныя шэпты засмучаных пар. Куляшоў. // Наладжаны з прычыны развітання, ад’езду каго‑н. Развітальны вечар. □ Перад ад’ездам спецыяльна для .. [хлопцаў] Зіновій Цімафеевіч напаліў лазню, а Паліна Антонаўка прыгатавала развітальную вячэру. Нядзведскі.
•••
Развітальны акорд гл. акорд.
развіта́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. развітацца; апошняе спатканне перад расстаннем. Пісар Васількевіч, адсунуўшы край фіранкі, потайкам пазіраў са свайго пакоя на развітанне сяброў. Колас. Развітанне з маці, смутак па братах жыва адгукаліся ў сэрцы. Сіняўскі. // Расстанне з памёршым. Стаялі доўга, ахопленыя адвечным жаданнем жывых — падоўжыць хвіліны апошняга развітання з блізкім чалавекам. Шамякін. // Словы, якія гаворацца пры расстанні. — Бывайце здаровы, — кінуў .. [аканом] ужо з каламажкі ў бок да Мікіты, які стаяў на вуліцы. Мікіта збянтэжыўся.. Заняты здагадкамі, ён не адразу адказаў на аканомава развітанне. Галавач.
•••
На развітанне — перад расстаннем, расстаючыся.
разві́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць развітога. Развітасць прамысловасць Развітасць густаў. □ Здольнасць дасягнуць псіхалагічнай глыбіні і паўнаты ў абмалёўцы характараў — адзнака мастацкай развітасці і спеласці таленту. Каваленка.
развіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., з кім-чым і без дап.
Абмяняцца развітальнымі словамі, націснуць адзін другому рукі і пад. пры расставанні. Не даходзячы трохі да сяла, прыяцелі развіталіся. Колас. Андрэй, Плаха і Габрусь развіталіся з усімі за рукі, падзякавалі гаспадыні за пачостку і выйшлі з хаты. Гартны. // перан. Расстацца з чым‑н., пакінуць што‑н. надоўга, назаўсёды. Хоць даўно развітаўся са службай марской і ў цывільным хаджу гарнітуры, — горад мой! — уяўляю цябе я парой караблём, што адольвае буры. А. Вольскі. [Лейтэнант:] — Вось каб усе так дзейнічалі, з парушэннямі можна было б развітацца. Корбан.
•••
Развітацца з жыццём (з белым светам) — памерці.
разві́твацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да развітацца.
разві́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад развіць (у 1 знач.).
развіты́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Які дасягнуў высокай ступені ў сваім развіцці. Развітая прамысловасць. □ Ускраіны .. [нашай краіны] ператварыліся ў культурна развітыя сацыялістычныя рэспублікі. Пшыркоў.
2. Дасканалы ў фізічных і духоўных адносінах. Усебакова развіты падлетак. □ [Юрка Пятровіч:] «Вы, Мікола Сцяпанавіч, — мужчына і з вамі я не буду цацкацца, а скажу ўсё: справа з малой вельмі дрэнная, тым больш таму, што яна-не па гадах развітая, уражлівая, нервовая». Брыль. А ў Мікуцічах сцяг навукі і годнасць «развітога» чалавека трымаліся высока сярод настаўніцтва. Колас. // Які дасягнуў значных памераў, разросся. Пярэдняя частка .. моцнага тулава [зубра], цяжкая і масіўная, здаецца непамерна развітой у параўнанні з задняй, пакрытай карацейшымі і святлейшымі валасамі. В. Вольскі.
3. Усебакова адукаваны, з шырокім кругаглядам. [Варанкову] спадабаўся пагранічнік, які ўсім цікавіўся і быў даволі развіты. Гурскі.
•••
Развіты сацыялізм гл. сацыялізм.
Развіты сказ гл. сказ.
разві́цца, разаўюся, разаўешся, разаўецца; пр. развіўся, ‑лася, ‑лося; заг. развіся; зак.
1. Раскруціцца, расплесціся. Вяроўка развілася. // Разгарнуцца, расправіцца. Збыліся думкі чорнай ночы, Развіўся вольны сцяг. Чарот.
2. Распусціцца (пра пупышкі, кветкі і пад.). У выніку многіх турбот дубок ажыў і наступнаю вясною добра развіўся, хоць і з пэўным спазненнем. Лужанін. Тады каза разжывецца, як куст разаўецца. Прыказка.
3. Відазмяняючыся, знаходзячыся ў працэсе росту, дасягнуць вышэйшай або пэўнай стадыі развіцця. Усходы добра развіліся з восені. □ За такое нядоўгае і халоднае лета драўняныя расліны не паспяваюць развіцца. Гавеман. // Скласціся, узнікнуць. За доўгую практыку ў .. [Эміліі] развілася такая інтуіцыя, што ў дзевяноста выпадках яна трапляла акурат на такіх людзей, з якімі можна было дагаварыцца. Маўр.
4. Прыняць шырокі размах, набыць вялікае значэнне. Торфабрыкетны завод «Лукскае» узнік, развіўся на вачах Гаўрылкіна. «Звязда». // Паступова ўзмацняючыся, павялічваючыся, дайсці да значнай ступені.
развіццё, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. развіваць — развіць (у 2, 3 і 4 знач.) і стан паводле дзеясл. развівацца — развіцца (у 2, 3 і 4 знач.).
2. Працэс пераходу з аднаго стану ў другі, больш дасканалы. Гістарычнае развіццё. □ Універсальная таленавітасць Мікельанджэла ці Леанарда да Вінчы падрыхтавана была ўсім папярэднім развіццём чалавека, яго рукі і мозга. Адамовіч. З абвастрэннем класавых супярэчнасцей, развіццём грамадскай думкі ў жніўных песнях з’явіліся матывы сацыяльнага пратэсту, народ пачынае адкрыта выказваць сваю нянавісць да эксплуататараў-прыгоннікаў. Саламевіч.
3. Ступень духоўнай і разумовай сталасці, шырыня кругагляду. Амаль шэсць гадоў быў я спеваком у хоры Тэраўскага, і гэта адыграла вялікую ролю ў маім развіцці. А. Александровіч.
разві́ць, разаўю, разаўеш, разаўе; разаўём, разаўяце; пр. развіў, ‑віла, ‑віло; заг. разві; зак., што.
1. Раскруціць, расплесці што‑н. звітае, завітае. Развіць вяроўку. □ І лёгкі вецер бестурботна Развіў завітую касу. Глебка.
2. Давесці да высокай ступені, высокага ўзроўню, найбольшай сілы. Развіць машынабудаванне. □ Але .. [Васіль Макаравіч] і сам адчуваў, бачыў па ўсім, што вораг развіў шалёную актыўнасць, што партызанам давядзецца вынесці нечуваныя цяжкасці. Шчарбатаў. // Паспрыяць узнікненню і ўмацаванню (якіх‑н. якасцей, уласцівасцей). Развіць любоў да роднага слова. Развіць апетыт. // Распачаць што‑н. у вялікіх памерах, шырока разгарнуць. Развіць бурную дзейнасць. // Паступова павялічваючы, давесці да значнай ступені. Самалёт развіў вялікую хуткасць.
3. Даць магчымасць раскрыцца духоўным і разумовым здольнасцям каго‑н., пашырыць кругагляд. Заняткі па музыцы развіваюць здольнасці дзяцей. □ [Шулевіч:] Трэба пажыць у горадзе, павучыцца, развіць і ўзброіць прыродны свой розум, тады і ў глушы не страшна. Колас.
4. Пашырыць, паглыбіць змест або ўжыванне чаго‑н. Развіць тэму. Развіць традыцыі. □ Пасля смерці Н. Маркса і Ф. Энгельса іх справу працягнуў У.І. Ленін, які развіў марксізм у новых гістарычных умовах. «Звязда».