Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

свежанасы́паны, ‑ая, ‑ае.

Нядаўна, толькі што насыпаны. Свежанасыпаны курган.

свежані́на, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і свежына. Насмажыла [гаспадыня] свежаніны, прынесла шаткаванай капусты, паставіла міску сопкай бульбы з кропам. Пальчэўскі.

све́жанькі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Ласк. да свежы.

свежапафарбава́ны, ‑ая, ‑ае.

Нядаўна, толькі што пафарбаваны. Вагоны былі новенькія, свежапафарбаваныя. Краўчанка.

свежапрыгатава́ны, ‑ая, ‑ае.

Нядаўна, толькі што прыгатаваны. Свежапрыгатаваная страва.

свежаско́шаны, ‑ая, ‑ае.

Нядаўна, толькі што скошаны. Свежаскошанае збожжа. Свежаскошаная канюшына.

свежаспе́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Нядаўна, толькі што спечаны. Свежаспечаны хлеб.

2. перан. Разм. Які нядаўна, толькі што стаў кім‑н., заняў пасаду, атрымаў званне. — Што ў цябе? — пытаў Кастусь. — Дваццаць пяць новых, — казаў Вярыга. — Свежаспечаных. Дзіва, кумок, а не хлопцы. Караткевіч.

свежассе́чаны, ‑ая, ‑ае.

Нядаўна, толькі што ссечаны. Свежассечанае дрэва.

све́жасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан свежага. Свежасць кветак. Свежасць бялізны. Свежасць думак. □ Пахне свежасцю лясной, Борам, соснамі, смалой. Дзеружынскі.

2. Чыстае, халаднаватае паветра; прахалода. Даносіў вецер з Волгі свежасць. Свірка. // Адчуванне прахалоды, чыстаты. — А-аах, такая свежасць па ўсяму целу [пасля купання]... Як бы на свет нанава нарадзіўся... — задаволена сказаў Вадзім. Ставер.

3. Свежы, здаровы выгляд. [Трахім] да звычайнай порцыі сну дабавіў яшчэ гадзін пяць-шэсць, і дзеля гэтага твар яго не вызначаецца асаблівай свежасцю і прыгажосцю. Крапіва. Свежасць шчок, якая была ў яе [Галіны], можна было сустрэць толькі ў малых дзяцей. Васілевіч.

4. Адчуванне бадзёрасці, жыццярадаснасці. Свежасць і маладосць прабівалася ў кожным яе [Анэткі] руху, у кожным слове, у смеху і ў іскрыстым бляску чорных вачэй. Колас.

5. Непасрэднасць, шчырасць, чысціня пачуццяў, успрыманняў і пад. Нічога я ад гэтага не страціў: Ні шчырасці, ні свежасці сваёй. Танк.

•••

Не першай свежасці — а) нясвежы (аб прадуктах харчавання). Мяса не першай свежасці; б) бруднаваты, не вельмі чысты. Кашуля на мне была не першай свежасці. Бажко.

свежаўзара́ны, ‑ая, ‑ае.

Нядаўна, толькі што ўзараны. Свежаўзаранае поле.