Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

светлабро́вы, ‑ая, ‑ае.

Са светлымі бровамі. У абедзвюх [Хадоські і Ганны] на тварах, таксама мяккіх, светлабровых, быў адзін добры, лагодны выраз. Мележ.

светлавало́сы, ‑ая, ‑ае.

Са светлымі валасамі; бялявы. Радыст, маленькі светлавалосы хлопец, корпаўся каля сваёй скрынкі, стоячы на каленях. Мележ.

светлава́тасць, ‑і, ж.

Якасць светлаватага.

светлава́ты, ‑ая, ‑ае.

Злёгку, крыху светлы. З першага погляду.. бараду [пісара Дулебы] можна было б назваць рыжаю, але яна была не рыжая, а так сабе светлаватая. Колас.

светлава́цца, святлуецца; незак.

Зал. да светлаваць.

светлава́ць, святлую, святлуеш, святлуе; незак., што.

Спец. Паліраваць, наводзіць бляск.

светлаво́кі, ‑ая, ‑ае.

Са светлымі вачыма. Што ж ты сумная, сумная сёння, светлавокая радасць мая? Машара. [Курловіча] спаткала расчырванелая ад агню, нярослая, але ёмкая светлавокая гаспадыня. Дуброўскі.

светлаву́сы, ‑ая, ‑ае.

Са светлымі вусамі. У аддзяленні Віцем заняўся пажылы светлавусы капітан. Якімовіч.

светлавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да святла, звязаны са святлом, з прамяністай энергіяй. Светлавыя хвалі. □ Праз шчыліны дрэнна замаскіраваных акон прабівалася святло. Маеўскі кінуў гранату ў адну з гэтых светлавых шчылін. Шамякін. // Які функцыяніруе, дзейнічае пры дапамозе святла. Светлавая рэклама. Светлавы сігнал.

•••

Светлавая стадыя гл. стадыя.

Светлавы год гл. год.

Светлавы дзень гл. дзень.

светлагало́вы, ‑ая, ‑ае.

Са светлымі валасамі; бялявы. Хлопчык босы бяжыць да дубровы. Па дровы, Хлопчык светлагаловы, Пяцігадовы... Куляшоў.