свая... (гл. свое...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «свое...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: сваякоштны, сваявольства.
сваяво́льнічанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сваявольнічаць.
сваяво́льнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Тое, што і свавольнічаць.
свая́к, ‑а, м.
Той, хто знаходзіцца ў сваяцтве з кім‑н. Па другі дзень раніцай Эма сказала маці, што едзе пагасціць да сваякоў у Глыбокае. Машара. Дзядзька Лявон даводзіўся Міколу нейкім сваяком у восьмым ці ў дзевятым калене. Корбан. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. На трэці дзень прыйшлі падводы, Усе сваякі папрыязджалі. Колас. // Расліны і жывёлы, якія адносяцца да аднаго віду. Расліна гэта завецца індыйскі фікус баніян — продак і самы блізкі сваяк нашага хатняга фікуса. Матрунёнак.
сваяўство́, ‑а, м.
1. Адносіны паміж людзьмі, якія маюць агульных продкаў. Нябожчыцы матцы Яніны яна даводзілася стрэчнай сястрой, вось і ўсё сваяўство — от так, дзесятая вада на кісялі. Мурашка. Губернатар вырашыў ніколі больш не звязвацца з гэтымі людзьмі. З дваццаці сямі тысяч дваран губерні сем тысяч былі з малодшых іхніх радоў, на розных ступенях сваяўства, ды яшчэ столькі ж залежалі ад іх і глядзелі таму з іхніх рук. Караткевіч. // Адносіны паміж сваякамі тых, хто пажаніўся. [Сабастыян Рамашка:] — І Ганнуся дома, і лякарства дома, і я на яе наглядзеўся, і да вас [Прыбыткоўскіх] завітаў на добрае знаёмства, сваяўство і лад. Чорны. // перан. Падабенства, блізкасць па зместу, прыкметах, уласцівасцях. Першыя мае радкі былі ў простым і непасрэдным сваяўстве з Андрэевымі і на той мове, якою мы гаварылі. Лужанін.
2. зб. Родныя, сваякі; радня. Сабраўшы баравіцкае сваяўство, .. [Пракоп] нечага ўсё шаптаўся са стрыечным братам. Вітка.