сва́стыка, ‑і, ДМ ‑тыпы, ж.
Знак у выглядзе крыжа з загнутымі пад прамым вуглом канцамі — эмблема германскага фашызму (першапачаткова культавы знак некаторых старажытных рэлігій). Горад жыў сваім адасобленым жыццём, далёкім і незразумелым для ўсіх, хто .. фашысцкай свастыкай прыкрыў спустошаныя душы і сэрцы. Лынькоў.
[Санскр.]
сват, ‑а, М сваце, м.
1. Асоба, якая сватае жаніху нявесту ці нявесце жаніха. Ехаць у сваты. □ — Добры сват раней, чым пасватаць дзяўчыну хлопцу, уведае, што за яна, які характар мае, у людзей распытае. Пальчэўскі.
2. Бацька мужа ў адносінах да жончыных ці бацька жонкі ў адносінах да мужавых бацькоў. [Ляснік:] — Ведаеш, Лявон, падабаецца мне твой Грышка, ці не будзем мы сватамі?.. Чарот.
•••
Ні брат ні сват гл. брат.
Ні свата ні брата гл. брат.
сва́танне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сватаць і сватацца; сватаўство.
сватаўство́, ‑а, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сватаць і сватацца.
2. Сваяцтва сватоў (у 2 знач.). Яны з ім у сватаўстве.
сва́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., да каго і без дап.
Прасіць згоды на шлюб з сабой. — Хутчэй бы той Качан сватаўся, што ён сабе думае, не маладзенькі ўжо, — думаў у злосці Цімох. Ваданосаў. Чуткі, што да Бары сватаўся Даніла і што яна збегла, абляцелі ўсё сяло. Дуброўскі. — Вось, — кажа маці, — табе й гаспадыня! Сватайся смела да меншай, мой сыне! Дубоўка.
сва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. каму. Прапаноўваць каго‑н. у мужы ці ў жонкі; клапаціцца аб чыім‑н. шлюбе. Сваталі яму маладзіц, паўвёскі было ўдоў, а выбраць па душы жонку Хведар не мог. Паўлаў. Колькі разоў ён [Юзік] прабаваў сватаць Баранка. Крапіва.
2. Прасіць згоды на шлюб з кім‑н. (у жанчыны або ў яе родных). У Палікараўку прыехалі яны сватаць малодшую дачку Храпавіцкага за стрэчнага Юлісева брата. Мурашка.
3. перан. Разм. Настойліва прапаноўваць каго‑, што‑н.; клапаціцца пра набыццё каго‑, чаго‑н. Загадчык, калі сватаў мяне ў гэтую школу, хваліўся, што ў Міланьках — вялікі лес, глыбокая рака. Далідовіч. — Дзякую... і такога рысака сватаеш ты свайму калгасу? — насмешліва перабіў яго [Чарнова] Міхал. Васілевіч.
свато́к, ‑тка, м.
Памянш.-ласк. да сват. [Чарнавус:] — Сапраўды, калі пачнуць усе так будавацца, як вось гэты мой сваток, дак.. што атрымаецца, не вёска, а старажытнае нешта, усім людзям на смех. Кулакоўскі.
свато́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Уласцівы свату. Рыгорка пачаў рабіць сватоўскія залёты да Варынага бацькі Пракопа Герасімовіча. Дуброўскі.
сва́цейка, ‑і, ДМ ‑цейцы, ж.
Ласк. да свацця (у 2 знач.). [Агата:] Што, свацейка, тудэма-сюдэма, добрага куплялі на рынку? Купала.
сва́ціца, ‑ы, ж.
Разм. Ласк. да свацця (у 2 знач.). Хоць віном, а не вадзіцай Поіш мяне, сваціца, Не хачу з табой вадзіцца, Бо ты любіш вадзіцца. Гілевіч.