свежасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан свежага. Свежасць кветак. Свежасць бялізны. Свежасць думак. ▪ Пахне свежасцю лясной, Борам, соснамі, смалой. Дзеружынскі.

2. Чыстае, халаднаватае паветра; прахалода. Даносіў вецер з Волгі свежасць. Свірка. // Адчуванне прахалоды, чыстаты. — А-аах, такая свежасць па ўсяму целу [пасля купання]... Як бы на свет нанава нарадзіўся... — задаволена сказаў Вадзім. Ставер.

3. Свежы, здаровы выгляд. [Трахім] да звычайнай порцыі сну дабавіў яшчэ гадзін пяць-шэсць, і дзеля гэтага твар яго не вызначаецца асаблівай свежасцю і прыгажосцю. Крапіва. Свежасць шчок, якая была ў яе [Галіны], можна было сустрэць толькі ў малых дзяцей. Васілевіч.

4. Адчуванне бадзёрасці, жыццярадаснасці. Свежасць і маладосць прабівалася ў кожным яе [Анэткі] руху, у кожным слове, у смеху і ў іскрыстым бляску чорных вачэй. Колас.

5. Непасрэднасць, шчырасць, чысціня пачуццяў, успрыманняў і пад. Нічога я ад гэтага не страціў: Ні шчырасці, ні свежасці сваёй. Танк.

•••

Не першай свежасці — а) нясвежы (аб прадуктах харчавання). Мяса не першай свежасці; б) бруднаваты, не вельмі чысты. Кашуля на мне была не першай свежасці. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)