сасно́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сасны, уласцівы ёй. Сасновая кара. □ Цімохава хата была моцная, ёмкая, пабудаваная з тоўстага сасновага дрэва. Колас. Тут [у вёсцы] водар сасновы, здаровы, Ігліцы, жывіцы настой. Бялевіч. // Які здабываецца з сасны. Грудзямі гарачымі зноў я ўдыхаю Пах кветак палёў і сасновай жывіцы. Хведаровіч.
2. Які складаецца з соснаў, парос соснамі. Няма ў ціхае надвор’е лесу болей спакойнага, паважна-ўрачыстага, чым сасновы бор. Навуменка. Лагер размяшчаўся ў сасновым гушчары. Мележ.
3. Зроблены з сасны. На заставе.. ўздымаюцца вялікія сасновыя зрубы. Брыль. Мёрзлыя камякі зямлі глуха падалі на сасновыя векі дамавін. Лынькоў.
4. у знач. наз. сасно́выя, ‑ых. Тое, што і хваёвыя.
5. Як састаўная частка пазваў раслін, жывёл, птушак. Сасновы шаўкапрад. Сасновая саўка.
сасня́к, ‑у, м.
1. Сасновы лес. Езджай дарогі няма — чарналессе, зарослыя чэзлым сасняком балоты. Навуменка. Тут зусім нядаўна Шумеў сасняк калматы. Аўрамчык.
2. зб. Сасновыя дошкі, бярвенне, галлё і пад. Акцызнік зноў «збіраў усіх у кучу», сеўшы на свежы лоўж сасняку, які быў скіданы ўчора абы-як на просецы. Пташнікаў.
сасо́к, ‑ска, м.
1. Знешняя частка малочнай залозы млекакормячых і чалавека ў выглядзе шышачкі, з якой дзіцяня ссе малако. Усхваляваная,.. [цётка Зося] хуценька памыла рукі, спаласнула вядро, працерла мокрым ручніком саскі ў каровы. Бялевіч. [Саша] ўзяла малую на рукі, расшпіліла халат, і тая адразу ж знайшла ружовы тугі сасок, смешна зацмокала. Шамякін. На ружовым, нібы кветка-агеньчык, саску блакітнай іскрынкай бліснула кропля малака. Місько.
2. Спец. Дэталь, частка прадмета або прыстасавання ў выглядзе шышачкі, выступу і пад. Сасок баявой лічынкі затвора вінтоўкі.
3. Спец. Месца ўваходжання зрокавага нерва ў вочны яблык.
сасо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш.-ласк. да сасна; маладая сасна. Дзіўна, як уцалела гэтая адзінокая сасна і чаму за доўгія гады не вырасла паблізу хоць маленькай сасонкі? Навуменка.
сасо́ннік, ‑у, м.
Сасновы лес. Поле тут адразае чорна-зялёная сцяна густога цяністага сасонніку. Мележ. Дарога спускаецца ў глыбокі і доўгі лог, туды, дзе пад старымі панурымі ялінамі гусціўся сасоннік і ядловец, дзе было асабліва цёмна і сцішна. Вышынскі.
сасо́чак, ‑чка, м.
1. Памянш.-ласк. да сасок (у 1, 2 знач.).
2. Бугарок на паверхні скуры, на слізістай абалонцы і пад., якому ўласціва адчувальнасць. Сасочкі надскуркі. Пер’евыя сасочкі.
сасочкападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны на сасок, сасочак.
саспе́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які стаў спелым (пра плады і пад.). Адам сыходзіў з дарогі — былі Пакуцічы, — шукаў першыя саспелыя арэхі. Вышынскі.
саспе́ць, ‑ее; зак.
Разм.
1. Паспець, стаць спелым (пра плады і пад.). Не сядзець жа, склаўшы рукі, на прызбе ды чакаць, пакуль жыта саспее. Хадановіч.
2. перан. Скласціся, набыць завершаную форму. У штабе саспеў новы план. Колас. У .. [Ганны] саспела рашэнне, якое яна не хацела прымаць адна. Кавалёў.
3. Спец. Набыць у працэсе вытрымкі найлепшыя для выкарыстання якасці. Як толькі саспелі сыры,.. [Пятрок] павёз іх прадаваць. Скрыган.