Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

сасмакта́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сасмактаць.

сасмакта́ць, ‑смакчу, ‑смокчаш, ‑смокча; зак., што.

1. Высмактаць (якую‑н. вадкасць) поўнасцю, да канца.

2. Смокчучы, паступова зрасходаваць. Сасмактаць цукерку. Сасмактаць драбок цукру. // Разм. груб. Скурыць (тытунь, папяросу, люльку). Сасмактаць пачак папярос.

3. Разм. Змардаваць, знясіліць смактаннем. Кацяняты сасмакталі кошку.

сасмо́ктваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сасмактаць.

сасмя́глы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сасмаглы. Узрушаны Косця, з двара У скочыўшы хуценька ў дом, Сасмяглы, прыпаў да вядра, Напіўся сцюдзёнкі нагбом. Калачынскі. Аблізаўшы сасмяглыя, гаркаватыя губы, Лёдзя паспрабавала ўсміхнуцца. Карпаў. Сінія званочкі, сінія званкі Стаялі сасмяглыя, сонныя. Бураўкін.

сасмя́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Тое, што і сасмагнуць. Апошнюю кроплю з біклагі не п’юць [салдаты], хоць сасмяглі зусім. Гаўрусёў. Твар лейтэнанта быў белы, як крэйда, губы сасмяглі. Курто. А лета было сухім, без дажджынкі, зямля сасмягла, патрэскалася. Лынькоў.

сасна́, ‑ы; Р мн. сосен і соснаў; ж.

Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых, якое расце пераважна на пясчаных глебах, вызначаецца прамым высокім ствалом і доўгай ігліцай. Крымская сасна. Піцундская сасна. □ Чырвоныя ствалы соснаў высока, высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Лынькоў. Стаіць млосная, з густым пахам соснаў і ягад, цішыня. Мележ. Стромкія ствалы «карабельных» сосен высока ўзнімаліся ў сіняе неба. В. Вольскі.

•••

Заблудзіць у трох соснах гл. заблудзіць.

саснава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад саснаваць.

саснава́ць, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; ‑снуём, ‑снуяце; зак., што.

Разм.

1. Зрасходаваць снуючы (пражу, ніткі). Саснаваць усе ніткі.

2. Сплесці (пра павуціну).

сасні́цца, ‑снюся, ‑снішся, ‑сніцца; зак.

Уявіцца ў сне, прысніцца. І пілі [хлопец з дзяўчынай] з вядра вадзіцу, і п’янелі ад вады, — гэтак часам сон сасніцца, — светлы сон і малады. Машара. / у безас. ужыв. Саснілася, што ідзе.. [Марыя] па дарожцы нейкага парку. Кулакоўскі.

сасні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што і з дадан. сказам.

Убачыць сон, убачыць што‑н. у сне. Спаў Даніла ў гэтую ноч.. добра і сасніў сваю жонку Ульяну. Кулакоўскі. І сасніла [Маша] дзіўны сон. Шамякін. Можа сасніць караваншчык сівы, Што недзе над Мінскам, Пад самым сонцам, Пра шчасце курлыкаюць журавы. Панчанка.