Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

сасло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да саслоўя (у 1 знач.). З расчыненых за памостам дзвярэй паказаўся гурт суддзяў і саслоўных прадстаўнікоў. Колас. // Абумоўлены прыналежнасцю да якога‑н. саслоўя. Саслоўныя прывілеі, Саслоўныя інтарэсы.

2. Заснаваны на падзеле грамадства на саслоўі; уласцівы грамадству, падзеленаму на саслоўі. Саслоўная сістэма выбараў. Саслоўны антаганізм.

3. Уласцівы прывілеяваным саслоўям; каставы. Саслоўны дух. □ У беларускай літаратуры тэма выкрыцця саслоўных забабонаў займае досыць значнае месца. Ярош.

•••

Саслоўная манархія гл. манархія.

саслужы́вец, ‑жыўца, м.

Той, хто працуе, служыць з кім‑н. у адным месцы, установе і пад. [Я] адшукала будоўлю, дзе працуе зямляк, яго самога, ягоных начальнікаў і саслужыўцаў. Лось.

саслужы́віца, ‑ы, ж.

Жан. да саслужывец.

саслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць; зак., што.

У выразе: саслужыць службу каму-чаму — а) выканаць што‑н. па просьбе каго‑н., зрабіць паслугу каму‑н. Каршукоў нецярпліва прыспешваў Ядвісю. Ён быў як апантаны, даведаўшыся, што зброя ёсць. — Цяпер ты мне яшчэ адну службу саслужыш, — гаварыў ён.. — Людзей трэба. Асіпенка; б) прынесці карысць каму‑, чаму‑н.; адыграць пэўную ролю ў чым‑н. — Вазьмі, Тарасе, свой аўтамат, — гаварыў Кірыла, — саслужыў ён мне службу верную... Гурскі.

саслядзі́ць, ‑сляджу, ‑слядзіш, ‑слядзіць; ‑слядзім, ‑следзіце; зак., што.

Разм. Пакрыць слядамі; патаптаць. Саслядзіць падлогу.

сасма́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Зняможаны, змучаны ад смагі, гарачыні. [Хлопцы] прышкандыбалі дадому змучаныя і сасмаглыя. Ваданосаў. Пап’е сасмаглы падарожнік, Асушыць конь сваё карыта, А восень агалосіць пожні Птушыным развітальным крыкам. Вітка.

2. Перасохлы (пра губы, горла, рот). [Яўхім] выцер пачарнелыя, сасмаглыя губы, зморана супакоіў: — Духата. Мележ. // Вялы ад недахопу вільгаці (пра траву і пад.). Сасмаглыя пасевы з неба Адразу ўбачыла яна [навальніца] І прагрымела: — Дождж ім трэба, Жаўцее лён і збажына! Смагаровіч.

сасма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Знемагчы, змучыцца ад смагі, гарачыні. Недалёка ў кустах, у траве, верасах Булькатала паціху крыніца: — Не здавайся, салдат! Ты, магчыма, сасмаг? Дам уволю табе я напіцца. Бялевіч. / у перан. ужыв. Паведаміла матка і аб крамніку Ёселю, які нібы матцы сваёй прызнаўся, што яго сэрца даўно сасмагла па Рыве. Лынькоў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перасохнуць (пра губы, горла, рот). Прыступамі так хапала жывот, што хоць садзіся. На твары выступіў пот і сасмаглі губы. Мыслівец. / у безас. ужыв. Сасмагла ў роце. // Звянуць, пасохнуць ад недахопу вільгаці (пра траву, пасевы і пад.). Сасмаглі дрэвы навакол. І ўсё, што з іх радні. Лужанін.

сасма́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сасмажыць.

сасма́жыцца, ‑жыцца; зак.

Стаць смажаным, гатовым для яды.

сасма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Прыгатаваць для яды смажаннем. — Дастань хіба сала ды сасмаж, — звярнуўся.. [Кандрат] да жонкі, — яны ж, мусіць, не посцяць... Галавач. Грыбы трэба было зварыць ці сасмажыць у чым-небудзь. А ў чым жа іх зварыш? Хіба што ў бляшанцы. Сабаленка.