Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трыто́н 1, ‑у, м.

У музыцы — інтэрвал, які мае аб’ём у тры тоны (павялічаная кварта або паменшаная квінта).

[Грэч. tritonon ад tri- — у складаных словах тры і tónos — тон.]

трыто́н 2, ‑а, м.

1. Хвастатае земнаводнае сямейства саламандраў, якое нагадвае яшчарку.

2. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — сын бога мора Пасейдона з чалавечым целам і хвастом рыбы.

[Грэч. tritōn.]

трыто́н 3, ‑а, м.

Ядро атама трытыю.

[Грэч. tritōn.]

тры́тый, ‑ю, м.

Цяжкі радыеактыўны ізатоп вадароду, ядро якога складаецца з пратона і двух нейтронаў.

[Ад грэч. tritos — трэці.]

трыумві́р, ‑а, м.

Удзельнік трыумвірату.

[Лац. triumvir.]

трыумвіра́т, ‑у, М ‑раце, м.

Саюз трох палітычных дзеячаў у Старажытным Рыме ў перыяд заняпаду рэспублікі, які меў на мэце захапіць вярхоўную ўладу (першапачаткова — калегія з трох асоб, якая выбіралася з якой‑н. спецыяльнай мэтай). Першы трыумвірат. // Жарт. Пра трох асоб, якія аб’ядналіся для сумеснай дзейнасці. — Дык давайце заключым трыумвірат! — крычаў Янка, — Давайце! — І сябры з запалам паціснулі адзін аднаму рукі ў знак свайго саюзу. Колас.

[Лац. triumviratus.]

трыу́мф, ‑у, м.

1. Урачыстая сустрэча палкаводца і яго войска ў Старажытным Рыме ў сувязі з дасягнутай перамогай.

2. Бліскучы поспех, выдатная перамога; урачыстасць. Трыумф ленінскай нацыянальнай палітыкі. □ Міцеў трыумф пачаўся ў красавіку, калі ён занёс дырэктару заяву з просьбай прыняць экзамены за тры чвэрці дзевятага класа. Навуменка.

[Лац. triumphus.]

трыумфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак.

Разм.

1. над кім-чым і без дап. Атрымліваць перамогу, браць верх. Над краем шыбеніц, астрогаў Трыумфаваў каронны кат. Купала.

2. без дап. Радавацца, весяліцца з прычыны перамогі над кім‑н., з поваду поспеху ў чым‑н. Станіслаў трыумфаваў, смакуючы наперад выйгрыш закладу. Гурскі.

трыумфа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для ўрачыстага шэсця трыумфатара; збудаваны ў гонар якога‑н. трыумфу, перамогі, урачыстасці. Трыумфальная арка.

2. Урачысты, пераможны; які праходзіць з незвычайным уздымам. Трыумфальнае шэсце. □ — Цімафей Ільіч хоча зрабіць у ваш гонар, Міхаіл Дзям’янавіч, нейкае трыумфальнае віншаванне, — сказаў Трухан. Даніленка.

трыумфа́тар, ‑а, м.

1. У Старажытным Рыме — палкаводзец-пераможца, якога сустракалі з трыумфам.

2. перан. Той, хто дасягнуў бліскучага поспеху, перамогі ў чым‑н.

[Лац. triumphator.]

трыумфа́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які належыць, уласцівы трыумфатару. Клалі цыноўкі пад вокнамі Ціхіх дамоў песняпеўцаў, Каб не пашкодзіў іх думам Гром трыумфатарскіх калясніц. Гаўрусёў.

трыфо́ль, ‑ю, м.

Вадзяная ці балотная травяністая расліна з паўзучым карэнішчам і трайчастым лісцем, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне як жаўцягонны і паляпшаючы апетыт сродак; бабок.

[Лац. trifolium.]