Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рыба́к, ‑а, м.

Чалавек, які займаецца лоўляй рыбы. Рыбак сядзіць задумна пры агні, І ў водблісках вады спакойны твар Ахоплены павевам цеплыні. Броўка. Мне засталося толькі з’ездзіць на Старыцу і пабачыцца з маім даўнім і добрым прыяцелем, Піліпам Андрэевічам Бондарам, патомным прыпяцкім рыбаком, брыгадзірам рыбалавецкай брыгады з суседняга прырэчнага калгаса. Краўчанка.

рыбакалга́с, ‑а, м.

Рыбалавецкая калектыўная гаспадарка, якая займаецца здабываннем рыбы.

рыбакамбіна́т, ‑а, М ‑наце, м.

Камбінат па апрацоўцы рыбы.

рыбакансе́рвавы, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для перапрацоўкі рыбы ў кансервы. Рыбакансервавы завод.

рыбалаве́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які займаецца рыбнай лоўляй як промыслам; звязаны з лоўляй рыбы. Рыбалавецкая арцель. Рыбалавецкія калгасы. □ Хоць .. [Алег] і гарадскі хлопчык, ды хутка асвоіў рыбалавецкую справу. Гамолка.

рыба́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

Разм. Тое, што і рыбачыць. Калі праз пяць мінут сабраліся рыбаліць, Яраш спытаў сына: — Тарас, ідзеш з намі? Шамякін. Мы праязджалі там мінулай восенню, калі Віктараў бацька вёз, нас рыбаліць на Турэц. Савіцкі. Любяць рыбаліць і многія таварышы Зубава. «Звязда».

рыба́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Рыбная лоўля. Калі Юрка прыбег на возера, рыбалка была ў самым разгары. Курто. — Брыгадзір мог пазнаць вуду, ён з кавалём часта ходзіць разам на рыбалку, — прамовіў Васілёк. Ваданосаў. Адны — Рыбалку паважаюць, З бляшнёй ля пелькі Могуць векаваць. Корбан.

рыбало́ў, ‑лова, м.

1. Той, хто ловіць рыбу (вудай, перамётам і пад.). З зялёных запыленых вагонаў выходзілі дачнікі, грыбнікі, рыбаловы. Навуменка.

2. Тое, што і рыбак. [Кузьма] быў такі заўзяты і ўдалы рыбак, што вопытныя старыя рыбаловы ахвотна раіліся з ім і бралі з сабой. Шамякін.

рыбало́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рыбнай лоўлі, рыбалоўства. Рыбалоўны сезон. Рыбалоўны промысел. // Прызначаны для лоўлі рыбы. Рыбалоўныя снасці. Рыбалоўны флот. □ У Куранях, мабыць, не было такой хаты, якая не мела б рыбалоўнай прылады. Мележ.

рыбало́ўства, ‑а, н.

Лоўля рыбы як промысел ці як галіна народнай гаспадаркі. Што ж... бываюць і ў такой справе, як рыбалоўства, радасныя нечаканасці і ўдачы, калі здзяйсняюцца самыя, здаецца, неверагодныя мары і спадзяванні. Шамякін.