руча́й, ‑я, м.
Невялікі, утвораны выхадам на паверхню падземных вод або сцёкам снегавых ці дажджавых вод, вадзяны паток. Наперадзе, пад навіссю альховых галін, булькатаў лясны ручай. Гамолка. Разгневаны паток вады дыбіўся, лез на [камяні], прасочваўся паміж імі дзесяткамі ручаёў. Шамякін. Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца. Прымаўка. // Пра любую вадкасць, якая моцна цячэ, струменіцца. З маіх вачэй ліліся ручаі слёз. Бядуля.
руча́йка, ‑і, ДМ ‑айцы; Р мн. ‑аек; ж.
1. Верацяно з наматанымі на яго ніткамі. Маці ўздыхнула, наматала на ручайку апошнюю нітку і ўстала з-за прасніцы. Пестрак. Белы, з серабрыстым адлівам кужаль пад яе рукамі ўмомант наматваўся ніткай на ручайку. Паўлаў.
2. Абл. Жменя лёну (валакна). За паклонамі б’юць церніцы паклон, За ручайкаю ручайку — грызуць лён, А з-пад церніцаў кастрыца — быццам снег. Крапіва. Яе русыя валасы, заплеценыя ў слабую касу, адразу кідаліся ў вочы: былі, як ачэсаная ручайка льну. Пташнікаў.
руча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Запэўніваць у чым‑н., гарантаваць што‑н., прымаць на сябе адказнасць за каго‑, што‑н. — Я ручаюся, што Коля апраўдае высокае званне камсамольца... Корзун. — Ручаюся, праз тры гады .. [Іванова] сама ў нашым жа інстытуце будзе чытаць бліскучыя лекцыі. Васілевіч.
•••
Ручацца галавой за каго‑, што‑н. — браць на сябе поўную адказнасць за каго‑, што‑н.
ру́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш.-ласк. да рука (у 1 знач.).
2. Частка прадмета, за якую бяруцца рукой пры карыстанні ім. З калідора нехта ўзяўся за ручку дзвярэй. Васілёнак. На куфэрку ручка з медзі, Зверху ручку ўбачыш ледзьве. Дубоўка. // Прыстасаванне ў машынах, апаратах, якое служыць для прывядзення іх у дзеянне шляхам пакручвання рукой. Клімянок пакруціў ручкі прыёмніка. Шыцік.
3. Пісьмовая прылада ў выглядзе палачкі, стрыжня, куды ўстаўляецца пяро. Потым я дастаў з дзедавай шафы чарніліцу, ручку. Бядуля.
•••
Аўтаматычная ручка — тое, што і аўтаручка.
Шарыкавая ручка — аўтаматычная ручка з шарыкам замест пяра для падачы чарнільнай масы.
Дабіць да ручкі гл. дабіць.
Давесці да ручкі гл. давесці.
Дайсці (дабіцца) да ручкі гл. дайсці.
ручні́к, ‑а, м.
Вузкі прадаўгаваты кавалак тканіны, спецыяльна прызначаны для выцірання твару, рук, цела ці пасуды. Гаспадыня падала чысты ручнік. Аляксей падзякаваў, выцер рукі і сеў за стол. Пальчэўскі. Галіна падышла да сцяны, ля якой сядзеў Папас, зняла з цвіка лямпу і пачала ручніком праціраць шкло. Галавач. Госці вылазілі з-за стала. Дзядзька Пракоп, павязаны наўскасяк цераз плячо вышываным ручніком, вылез амаль першым. Сабаленка.
ручніко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ручніка. Ручніковы ўзор. // Прызначаны для вырабу ручнікоў. Ручніковая тканіна.
ручны́, ‑ая, ‑ое.
1. Прызначаны, прыстасаваны для рукі (у 1, 2 знач.), для рук. Ручны гадзіннік. Ручны багаж.
2. Які робіцца рукамі, уручную, а не машынай. Ручная здабыча вугалю. // Зроблены ўручную. Ручная вышыўка. // Які прыводзяцца ў дзеянне рукой, рукамі. Ручны станок. Ручная граната.
3. Такі, які не баіцца чалавека, прывык да чалавека; прыручаны (пра жывёлін, звяроў). Зайчанятка так прывыкла да Жэні, што зрабілася проста ручным: Жэня выпускае яго з клеткі, і яно бегае за ёй, як кошка. Якімовіч. А выведуцца маладыя арляняты, возьме [Гошка] адно з гнязда і прыручыць: няхай у іх будзе ручны арол. Даніленка.
ручы́цца, ру́чыцца; незак.
Разм.
1. Весціся; добра гадавацца, пладзіцца. Даніла — хлопец станавіты, Марына — болей бы такіх. Пайшло дабро ручыцца ў іх. Колас. А каты Заблоцкім ручацца .. От каб гэтак, як каты, авечкі ручыліся. Калюга. Як гаспадар каля жывёлы мучыцца, то жывёла ручыцца. Прыказка.
2. (звычайна з адмоўем). Удавацца, шанцаваць; надарацца. Убачыць усё хацеў Ахрэма, ды ніяк не ручылася сустрэча. Баранавых.
ручы́ць, ручыць; незак., звыч. безас.
Разм. Удавацца, выпадаць, шчасціць. — Можна часцей у такія госці ездзіць, — пажартавала Галя. — Каб жа так кожны раз ручыла, — у тон ёй дадаў Адам. Дубоўка. — Ручыць жа катораму шчасліваму... Шынклер. Уся гаспадарка была на маіх руках і добра ручыла. Ядвігін Ш.
руш, ‑а, м.
Палоска лёгкай тканіны, сабраная ў зборкі для абшыўкі чаго‑н.
[Фр. ruche.]