Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тры́нкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., на чым.

Разм. Неакуратна або няўмела іграць на якім‑н. музычным інструменце. [Каця:] — Алёша — сапраўдны чалавек... А ты [Рая], ты заводзіш шуры-муры з гэтым старым смаўжом... толькі праз тое, што ён умее трынкаць на гэтым тваім паламаным раялі. Шамякін.

трыно́га, ‑і, ДМ ‑нозе, ж.

Разм.

1. Тое, што і трыножак. Сяргей скінуў чаравікі. Маці ўжо завіхалася ля камінка, распальвала трэскі пад трыногай. М. Стральцоў. Запрасілі фатографа з вялізнай трыногай, і ён сфатаграфаваў хлопцаў разам з усімі выхаванцамі. Нядзведскі. — Усе ўжо там, — злосна матнуў .. [Лёва] галавой у бок геаграфічнай пляцоўкі. — На, трымай! — і перадаў мне трыногу тэлескопа. Шыловіч. На прыпечку, на трынозе ў маленькім чыгунчыку булькае бульба. Грахоўскі.

2. Пута, якім звязваюць пярэднія ногі каня з адной задняй.

трыно́жак, ‑жка, м.

Падстаўка на трох ножках, а таксама прыстасаванне рознага прызначэння, якое складаецца з трох палак, жэрдак і пад. Маці з Маняй начысцілі бульбы, расклалі на камінку агонь і паставілі чыгунок на трыножак. Якімовіч. За разложыстым дубам я заўважыў нізенькі трыножак — мальберт з няскончаным эцюдам. Ракітны.

трыно́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Жалезны абруч на трох ножках, які з’яўляецца падстаўкай для чыгуна, катла і пад. у час гатавання ежы на адкрытым агні. У бледным полымі стаіць трыножка, на якой — вялікі чыгун. Брыль. Выраўняўшы плыты ля нізкага берага, .. [плытагоны] прыносілі ў лагчыну трыножку і чыгунок для юшкі, разводзілі вогнішча. Карамазаў. // Козлы, да якіх падвешваецца кацёл.

трыно́жнік, ‑а, м.

1. Тое, што і трыножак. Сястра ідзе ў кухню. Яна бразгае дрэўкамі і грыміць трыножнікам, раскладваючы пад ім аганёк. Скрыган.

2. Столік на трох ножках, на якім запальваўся свяшчэнны агонь або прыносілася ахвяра бажаству ў старажытных народаў.

трыно́жыцца, ‑жыцца; незак.

Зал. да трыножыць.

трыно́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., каго.

Звязваць ногі каня трыногай.

трыно́м, ‑а, м.

Спец. Тое, што і трохчлен.

[Фр. trinôme ад лац. tri- — у складаных словах тры і nomen — імя.]

трын-трава́, у знач. вык.

Разм. Усё адно, усё роўна, хоць бы што. [Лабановіч:] — Не ўспамінай ты пра .. [згрызоты]. Усё гэта трын-трава. Колас. Рукі ў падсуднага былі закладзены за спіну, ён ішоў і ўхмыляўся, быццам паказваючы, што яму ўсё трын-трава. Арабей.

тры́о, нескл., н.

1. Музычны твор для трох галасоў або музычных інструментаў з самастойнай партыяй у кожнага выканаўцы. Трыо для фартэпіяна, кларнета і фагота.

2. Ансамбль з трох выканаўцаў (спевакоў або музыкантаў). Трыо бандурыстаў. Трыо вакалістаў. / Пра цыркавых артыстаў. Трыо жанглёраў. // Разм., звычайна жарт. Пра трох чалавек, якія звязаны дружбай і часта бываюць разам.

3. Сярэдняя частка музычнага твора (вальса, скерца, марша і пад.), больш спакойная і меладычная, чым крайнія часткі.

[Іт. trio.]