Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

інстру́ктарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да інструктар.

інстру́ктарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да інструктара. Інструктарская група. Інструктарскія абавязкі.

інстру́ктарства, ‑а, н.

Дзейнасць інструктара. Даручыць інструктарства вопытнаму рабочаму.

інструкты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае ў сабе кіруючыя ўказанні, палажэнні інструкцыі. Інструктыўны даклад.

інструкцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да інструкцыі, змяшчае ў сабе інструкцыю. Інструкцыйная нарада. Інструкцыйныя ўказанні.

інстру́кцыя, ‑і, ж.

1. Кіруючыя ўказанні, падрабязныя настаўленні. Гэта быў нават не даклад, а хутчэй інструкцыя: што рабіць камуністам і камсамольцам у гэтыя дні па вёсках, занятых гітлераўцамі. Лынькоў.

2. Даведачнае выданне ў выглядзе брашуры або лістоўкі, якое змяшчае ўказанні па рэгуляванню грамадскай ці вытворчай дзейнасці або правілы карыстання прамысловым вырабам. Інструкцыя па ўкладанню слоўніка. Інструкцыя да тэлевізара. Рабіць па інструкцыі. □ Мы перачытвалі інструкцыю, мянялі шчоткі і ледзь не спалілі матор. Жычка.

[Ад лац. instructio — наказ, настаўленне.]

інструме́нт, ‑а і ‑у, М ‑нце, м.

1. ‑а. Усякая прылада для выканання якой‑н. работы. Шыла — шавецкі інструмент. Медыцынскія інструменты. □ Пад паветкай стаялі канапка, варштат, ляжалі акуратна складзеныя габляваныя дошкі і на сцяне віселі розныя сталярскія інструменты: пілкі, гэблі, цыркулі, стамескі. Шамякін.

2. ‑у; зб. Сукупнасць прылад для якой‑н. работы; начынне (у 1 знач.). Перш-наперш.. [Маня] вельмі ж актыўна перакапала шуфляду, дзе хаваўся бацькаў хатні інструмент. Якімовіч. — Не забывайся, што, апрача дваццаці пальцаў, у нас ніякага інструменту няма, — заўважыў Мірон. Маўр.

3. ‑а; перан.; чаго. Сродак для дасягнення чаго‑н. Талент — гэта толькі інструмент, які дорыць чалавеку прырода. Адамовіч. Армія.. заставалася паслухмяным інструментам у руках рэакцыйнага генералітэту і Стаўкі. «Полымя».

4. ‑а. Тое, што і музычны інструмент. Вочы.. [Чарноцкага] ўпалі на піяніна, ён падыходзіць да інструмента, адкрывае, задуменна стукае пальцамі па клавіятуры, бярэ акорд. Чорны.

•••

Музычны інструмент — апарат, які служыць для стварэння музычных гукаў пэўнага тэмбру.

Шанцавы інструмент (ваен.) — набор інструментаў для акопвання: лапата, кірка, тапор і пад.

[Лац. instrumentum.]

інструментава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.

Зрабіць (рабіць) інструментоўку музычнага твора або верша. Інструментаваць уверцюру.

інструменталі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Музыкант, які іграе на якім‑н. музычным інструменце. Калектыў спевакоў і інструменталістай.

інструмента́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да інструмента (у 1 знач.). Інструментальны склад. Інструментальны цэх. // Які служыць для вырабу інструментаў. Інструментальная сталь.

2. у знач. наз. інструмента́льная, ‑ай, ж. Майстэрня, дзе вырабляюцца інструменты (у 1 знач.); памяшканне для захоўвання інструментаў. Інструмент быццам толькі што з інструментальнай. «Беларусь».

3. Які ствараецца музычнымі інструментамі, прызначаны для выканання на музычных інструментах (без удзелу чалавечага голасу). Інструментальная музыка. Інструментальная п’еса. // Які складаецца з музыкантаў, што іграюць на музычных інструментах. Інструментальны ансамбль.