інструмент, ‑а і ‑у, М ‑нце, м.
1. ‑а. Усякая прылада для выканання якой‑н. работы. Шыла — шавецкі інструмент. Медыцынскія інструменты. ▪ Пад паветкай стаялі канапка, варштат, ляжалі акуратна складзеныя габляваныя дошкі і на сцяне віселі розныя сталярскія інструменты: пілкі, гэблі, цыркулі, стамескі. Шамякін.
2. ‑у; зб. Сукупнасць прылад для якой‑н. работы; начынне (у 1 знач.). Перш-наперш.. [Маня] вельмі ж актыўна перакапала шуфляду, дзе хаваўся бацькаў хатні інструмент. Якімовіч. — Не забывайся, што, апрача дваццаці пальцаў, у нас ніякага інструменту няма, — заўважыў Мірон. Маўр.
3. ‑а; перан.; чаго. Сродак для дасягнення чаго‑н. Талент — гэта толькі інструмент, які дорыць чалавеку прырода. Адамовіч. Армія.. заставалася паслухмяным інструментам у руках рэакцыйнага генералітэту і Стаўкі. «Полымя».
4. ‑а. Тое, што і музычны інструмент. Вочы.. [Чарноцкага] ўпалі на піяніна, ён падыходзіць да інструмента, адкрывае, задуменна стукае пальцамі па клавіятуры, бярэ акорд. Чорны.
•••
Музычны інструмент — апарат, які служыць для стварэння музычных гукаў пэўнага тэмбру.
Шанцавы інструмент (ваен.) — набор інструментаў для акопвання: лапата, кірка, тапор і пад.
[Лац. instrumentum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)